Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Дзяржсакратар: шмат бязвінных людзей згубілі ўсё ва Украіне

Ватыканская дыпламатыя “заўсёды гатова супрацоўнічаць з усімі, хто імкнецца пакласці канец трываючым канфліктам і несці падтрымку і надзею людзям, якія пакутуюць”, - зазначыў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у цырымоніі, падчас якой ад імя Апостальскай Сталіцы атрымаў прэмію “за настойлівае служэнне на карысць згоды і міру паміж народамі”, устаноўленай італьянскай грамадскай арганізацыяй Istituto Nazionale Azzurro, якая дзейнічае ў гуманітарнай сферы, спрыяючы міжкультурнаму, міжнацыянальнаму і міжрэлігійнаму дыялогу.

Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка назваў узнагароду стымулам для таго, каб заставацца “настойлівымі ў дыпламатычнай дзейнасці”, якая, хоць і натхнёная касцёльнай місіяй, заўсёды “накіравана на забеспячэнне ўпарадкаванага суіснавання ў свеце”.

Кардынал П'етра Паралін падчас атрымання прэміі Istituto Nazionale Azzurro
Кардынал П'етра Паралін падчас атрымання прэміі Istituto Nazionale Azzurro

Кардынал Паралін нагадаў пра адчуванне вялікай адказнасці, якое на працягу доўгай традыцыі адрознівае дзейнасць Апостальскай Сталіцы ў міжнароднай сферы. Ён выказаў перакананасць у тым, што дыпламатыя, нягледзячы на ўсе свае абмежаванні, таксама і сёння будзе заставацца інструментам, які зможа даць шлях “законным памкненнямі кожнага народа да бяспекі, стабільнасці і міру”.

Дзяржсакратар зазначыў, што гэтыя намаганні сёння запатрабаваны асаблівым чынам у кантэксце сітуацыі ва Украіне, дзе шмат бакоў прыкладаюць намаганні дзеля таго, каб завяршылася вайна, ад наступстваў якой “вельмі шмат бязвінных людзей згубілі ўсё: блізкіх, сем’і, жыллё, грамадзянскае суіснаванне і само жыццё”.
 

09 чэрвеня 2022, 08:14