Святы Пасад: моладзі патрэбна сведчанне добрых сем’яў
Ян Глінскі - Vatican News
Як падкрэсліла падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, душпастырства павінна сыходзіць ад рэальнай сітуацыі. Сёння ж рэчаіснасць такая, што моладзь не заключае сужэнствы; трэба маліцца аб пакліканні да сужэнства і перадаваць дзецям яго прыгажосць.
У размове з Vatican News Гамбіна падкрэсліла, што аспект паклікання да сужэнства і сям’і з’яўляецца ключом сёлетняй Сусветнай сустрэчы сем’яў. На яе думку, галоўнае пасланне Святога Айца – гэта “абвяшчэнне сёння прыгажосці сужэнства і сям’і”.
“Мы жывём у грамадскім кантэксце, у якім маладым цяжка верыць у сужэнства. Вакол іх так шмат розных выклікаў, якія вядуць іх на іншыя шляхі. Таму ім патрэбна сведчанне добрых сем’яў, якія пакажуць, што сямейнае жыццё грунтуецца на хрысціянскім сужэнстве; а значыць сям’я трывалая, моцная і пабудаваная на веры ў Пана Бога, прысутнага ў нашых дамах і ў нашым жыцці, – гэта прыгожа і магчыма, і не з’яўляецца чымсьці недасягальным. Гэта не абстрактны ідэал”, - адзначыла супрацоўніца Святога Пасаду.
Яна патлумачыла, што менавіта з гэтай прычыны адной з тэм, абраных на 10-ю Сустветную сустрэчу сем’яў, стала святасць. “Бо прыклад святых сем’яў, якія ўжо прайшлі да нас гэтым шляхам, паказвае, што можна ўбачыць знакі прысутнасці Бога ў нашым жыцці, у нашай штодзённай рэчаіснасці”, - адзначыла адна з арганізатараў Сусветнай сустрэчы.