Пошук

Кардынал Леанарда Сандры падчас сустрэчы з украінскімі вернікамі Кардынал Леанарда Сандры падчас сустрэчы з украінскімі вернікамі 

Кардынал Леанарда Сандры накіраваўся з візітам у Румынію

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў адправіўся ў Румынію, каб выказаць падтрымку Апостальскай Сталіцы ў намаганнях, якія прыкладаюцца на карысць украінскіх бежанцаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Візіт кардынала Леанарда Сандры праходзіць з 1 па 5 чэрвеня 2022 года. Іерарха суправаджае арцыбіскуп Мігель Маўры Буэндзіа, Апостальскі нунцый у Бухарэсце. Мэта падарожжа заключаецца ў тым, каб сустрэцца з Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквой і яе пастырамі, а таксама выказаць удзячнасць за намаганні, якія прыкладаюцца для прыняцця бежанцаў з Украіны, у разуменні з іншымі членамі епіскапату і ўладамі краіны.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў спачатку прыбудзе ў горад Клуж-Напока, дзе сустрэнецца з мясцовымі біскупамі і атрымае тытул ганаровага доктара ва ўніверсітэце Бабеш-Бояі. У мясцовым жаночым грэка-каталіцкім манастыры ён узначаліць Боскую літургію, а потым благаславіць рэстаўрацыйныя працы ў парафіяльным касцёле ў мястэчку Боб. 

3 чэрвеня кардынал Сандры адправіцца на румынска-украінскае памежжа ля гораду Сігету-Мармацыей, дзе падзякуе прадстаўнікам розных структур, якія займаюцца прыняццем бежанцаў. Тут іерарх сустрэнецца таксама з украінскімі сем’ямі, перадасць ім падарункі ад Папы і правядзе вечаровую малітву.

На наступны дзень, 4 верасня, кардынал-прэфект наведае цэнтр прыёма бежанцаў у горадзе Блаж, які дзейнічае пад кіраўніцтва румынскага Caritas, правядзе прыватную сустрэчу з кардыналам Лучыянам Мурэшанам, Вярхоўным архіепіскапам Фэгераша і Альба-Юліі, а таксама ўзначаліць адкрыццё Сінода Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

5 верасня ватыканскі іерарх прыме ўдзел у літургіі з нагоды трэцяй гадавіны Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Румынію, наведае цыганскі квартал у Блажы, дзе правядзе малітву ў новым касцёле, пасля чаго адправіцца ў аэрапорт і вылеціць у Рым.

Румынія ад самага пачатку расійскага ўварвання ва Украіну адкрыла свае храмы, дамы, гатэлі, школы для дапамогі людзям, вымушаным уцякаць ад бамбардзіровак і ракетных абстрэлаў гарадоў. Яшчэ на пачатку сакавіка праз яе мяжу перайшлі каля 400 тысяч украінскіх жанчын, дзяцей і пажылых людзей, многія з якіх затым накіраваліся ў іншыя краіны Еўропы. Для бежанцаў, якія вырашылі застацца ў Румыніі былі створаны ўмовы для атрымання прытулку, ім аказваецца матэрыяльная, фінансавая, медыцынская, псіхалагічная і юрыдычная дапамога, ствараюцца магчымасці для атрымання працы, працягнення вучобы і здзяйснення культурнай інтэграцыі.

Пантыфік і Апостальская Сталіца рознымі спосабамі імкнуцца дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад вайны, а таксама прыкладаюць дыпламатычныя намаганні, каб пакласці канец баявым дзеянням. З гэтай мэтай Украіну і некаторыя бліжэйшыя да яе краіны ўжо адведалі спецыяльныя пасланнікі Святога Айца: Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі; прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны; Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Візіт у Румынію кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў адпавядае гэтай гуманітарнай, духоўнай і дыпламатычнай лініі Святога Пасаду.

02 чэрвеня 2022, 08:37