Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад апублікаваў справаздачу аб ахвяраваннях

Колькасць ахвяраванняў, сабраных у рамках ініцыятывы “Грош святога Пятра” у 2021 годзе, перавысіла суму, сабраную годам раней. Большая частка з гэтых сродкаў паступіла з ЗША, Італіі і Германіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

16 чэрвеня 2022 года Сакратарыят па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы абнародаваў справаздачу аб ахвяраваннях, якія збіраюцца ў рамках агульнакасцёльнай ініцыятывы “Грош святога Пятра” (Obolo di San Pietro). Яна традыцыйна праводзіцца ў мясцовых Касцёлах 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Грошы, якія ахвяруюцца ў гэты дзень, накіроўваюцца на падтрымку апостальскай і дабрачыннай місіі Папы.

Колькасць ахвяраванняў, сабраных у 2021 годзе, склала 46,9 мільёнаў еўра. Для параўнання, годам раней – 44,1 мільён еўра, але, напрыклад, у 2019 годзе – 53,8 мільёнаў. Колькасць ахвяраванняў у перыяд з 2015 па 2020 год зменшылася на 23%, а за першы год пандэміі на 18%.

Большая частка ахвяраванняў была сабрана непасрэдна ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла ў дыяцэзіях свету. Шмат сродкаў было атрымана таксама праз банкаўскія пераводы, завяшчанні, перадачу спадчыны, ахвяраванні, у тым ліку праз сайт ініцыятывы “Грош святога Пятра”.

65% ахвяраванняў паступіла ад дыяцэзій, каля 10% – ад фондаў. Меншыя сумы паступаюць ад прыватных асоб і манаскіх інстытутаў. З геаграфічнага пункту гледжання найбольшая колькасць ахвяраванняў у 2021 годзе прыйшла са Злучаных Штатаў Амерыкі (29,3%), Італіі (11,3%), Германіі (5,2%), Паўднёвай Карэі (3,2%) і Францыі (2,7%). У першую дзясятку буйнейшых ахвярадаўцаў уваходзяць таксама Іспанія, Бразілія, Ірландыя, Чэхія і Канада. Ахвяраванні, якія паступілі з розных краін свету склалі 75% ад агульнай сумы; іншыя грошы паступалі ад фондаў і манаскіх супольнасцей.

Сабраныя сродкі выкарыстоўваюцца для фінансавання служэння Рымскай курыі і аказанне прамой дапамогі людзям, якія апынуліся ў нястачы. Увогуле выдаткі ў 2021 годзе склалі 65,3 мільёна еўра. Яны былі пакрыты за кошт сабраных ахвяраванняў, а таксама дадатковых 18,4 мільёнаў еўра, якія былі ўзяты з фонда “Грош святога Пятра”. З патрачанай сумы каля 55,5 мільёнаў еўра было накіравана на падтрымку дзейнасці Апостальскай Сталіцы і каля 10 мільёнаў еўра – на прамую дабрачынную дапамогу.

Апостальская Сталіца накіравала на дапамогу бедным дыяцэзіям, манаскім інстытутам і вернікам у цяжкай сітуацыі больш за 35 мільёнаў еўра, з якіх каля 10 мільёнаў – з фонда “Грош святога Пятра”. Гэта сума дазволіла прафінансаваць 157 праектаў у 67 краінах. Галоўнымі адрасатам сталі каталіцкія супольнасці ў Афрыцы (41,8%), Амерыцы (23,5%), Азіі (8,2%) і Еўропе (1%). Галоўным чынам выдаткі былі звязаны з будаўніцтва і рэканструкцыяй школ, сацыяльных аб’ектаў і касцёлаў.

У 2021 годзе агульная сума выдаткаў Апостальскай Сталіцы склала 237,7 мільёнаў еўра. Гаворка ідзе пра грошы, якія накіроўваюцца на падтрымку мясцовых Касцёлаў у асаблівых кантэкстах евангелізацыі, распаўсюджванне хрысціянскага паслання, справы, звязаныя з Божым культам і евангелізацыяй, ахвяраванні і аказанне спонсарскай падтрымкі, дзейнасць нунцыятур, арганізацыю касцёльнага жыцця, захаванне гістарычнай спадчыны, чалавечае развіццё, адукацыю, навуку, культуру, абарону жыцця і сям’і. Ініцыятыва “Грош святога Пятра” дазволіла пакрыць 23% ад гэтых выдаткаў (55,5 мільёнаў еўра).
 

16 чэрвеня 2022, 13:04