Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ФАО: вайна правакуе глабальную катастрофу

Міжнародная супольнасць павінна з рашучасцю імкнуцца неадкладна пакласці канец ваеннай агрэсіі супраць Украіны, - адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў ААН.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дэлегацыя Святога Пасаду ўзяла ўдзел у 170-й сесіі Рады Харчовай і сельскагаспадарчай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая праходзіць у Рыме з 13 па 17 чэрвеня 2022 года. Кіраўнік ватыканскай дыпламатычнай місіі, мансеньёр Фернанда Чыка Арэлана, узяў слова падчас дыскусіі аб уплыве вайны ва Украіне на глабальную харчовую бяспеку.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пра ФАО паўтарыў словы, якія папа Францішак неаднаразова казаў, просячы, спыніць бесчалавечную бойню і заклікаючы, каб “зброя змоўкла, а верх узяў дыялог і сур’ёзныя перамовы – адзіны годны шлях выйсця з лабірынту вайны, якая выклікае крывавую і смертаносную лютасць”.

Мансеньёр Арэлана папярэдзіў, што мір на планеце шчыльна звязаны з пытаннем харчовай бяспекі, а перашкоды, якія Украіна сустракае ў сферы экспарту збожжа, выклікаюць сур’ёзнае хваляванне, а таксама ствараюць цяжкасці для краін, якія залежаць ад украінскіх паставак. “На кон пастаўлена жыццё мільёнаў людзей, усеагульнае права на ежу і стабільнасць на шырокіх абшарах планеты”, - сказаў ватыканскі дыпламат, паўтараючы заклік Папы “не выкарыстоўваць збожжа ў якасці зброі”.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што ФАО была заснавана на руінах Другой сусветнай вайны, каб пакласці канец разбурэнням, выкліканым канфліктам, з усведамленнем таго, што недахоп ежы – фундаментальна важнага элемента для жыцця чалавека – на працягу гісторыі быў найбольшай прычынай нестабільнасці, беспарадкаў і народных паўстанняў.

Таму трэба “разам працаваць і дзейнічаць з настойлівасцю, неадкладнасцю і рашучасцю”, каб усе мелі хлеб, і каб пазбегнуць пагаршэння найдалікатнейшай сітуацыі, якая склалася. “У самых бедных краінах, якія ўжо цяжка пакутуюць ад кліматычных зменаў і недахопу водных рэсурсаў, адсутнасць угнаенняў можа прывесці да падзення вытворчасці, ствараючы рызыку заняпаду і недаядання для цэлых народаў”, - папярэдзіў мансеньёр Арэлана.

На думку ватыканскага дыпламата, неабходна хутка і мудра супрацьстаяць “шкодным наступствам актуальнага харчовага крызісу, які яшчэ больш пагоршыўся ад узброеных сутыкненняў у самых уразлівых часткай свету”. Улічваючы, рост цэн на прадукты харчавання, трэба таксама браць пад увагу тое, што недахоп ежы, можа справакаваць глабальную катастрофу да 2023 года, - дадаў ён.

“ФАО павінна зрабіць свой дальнабачны ўнёсак, каб мужна адказаць на цяжкія выклікі, што чакаюць нас, пранікнуць у корань праблемы, прадпрыняць канкрэтныя ініцыятывы і імкнуцца да агульнага дабра”, - заклікаў мансеньёр Арэлана, заклікаючы рабіць больш, каб людзі, якія пакутуюць ад наступстваў вайны, адчувалі, што ім насамрэч дапамагаюць.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы дадаў, што “боль многіх братоў і сясцёр абавязвае і заахвочвае нас будаваць мір, паважаць яго і несці яго як найлепшы з дароў”. На думку папскага дыпламата, рашэнне актуальнай сітуацыі заключаецца не ў ваеннай сіле, якая можа прывесці да яшчэ большай эскалацыі, а ў адмове ад вузкіх інтарэсаў, дзеля таго, каб пакласці канец спіралі нянавісці і смерці, у якую трапілі, а таксама ў супрацоўніцтве на карысць клопату пра навакольнае асяроддзе.
 

16 чэрвеня 2022, 10:45