У Ватыкан прыехала дэлегацыя з Канстантынопаля
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аб гэтым паведаміла Дыкастэрыя спрыяння хрысціянскаму адзінству. Нагодай стала ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, якая адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.
Дэлегацыю ўзначальвае арцыбіскуп Тэлмісас Ёў, прадстаўнік Сусветнага Патрыярхату пры Сусветнай радзе Цэркваў і сустаршыня Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Іерарха суправаджаюць епіскап Галікарнаскі Адрыянас і Патрыяршы дыякан Варнава Грыгарыядзіс.
У сераду, 29 чэрвеня, дэлегацыя Патрыярхату прыме ўдзел ва ўрачыстай Эўхарыстыі, якую ўзначаліць Святы Айцец, і правядзе перамовы ў Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству; у чацвер, 30 чэрвеня, яе прыме на аўдыенцыі Францішак.
З часоў візіту Яна Паўла II у Стамбул у 1979 годзе, Рым і Канстантынопаль накіроўваюць свае дэлегацыі на патранальныя ўрачыстасці, прысвечаныя святым апосталам Пятру і Паўлу і святому Андрэю Першазванаму. 29 чэрвеня праваслаўная дэлегацыя прысутнічае на ўрачыстасцях у Рыме, а 30 лістапада Папа адпраўляе сваіх дэлегатаў у Стамбул.