Пошук

Тбіліскі сабор Найсвяцейшай Тройцы Тбіліскі сабор Найсвяцейшай Тройцы 

У Ватыкане выступіць грузінскі праваслаўны хор

26 чэрвеня 2022 года ў Сікстынскай капэле выступіць хор тбіліскага сабора Найсвяцейшай Тройцы. Падчас Імшы ва ўрачыстасць Пятра і Паўла ў ватыканскай базыліцы ён выканае Ave Maria аўтарства Іллі ІІ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

40 пеўчых з грузінскага Патрыяршага калектыву Самеба падзеляцца сваёй творчасцю ў Ватыкане ўпершыню. Выступленне пройдзе пад кіраўніцтвам дырыжора Свімона Джангулашвілі.

На канцэрце ў Сікстынскай капэле хор выканае серыю гімнаў, якія прадстаўляюць шматвяковую веру грузінскага народа. Гэта традыцыйныя, вельмі старажытныя песні, складзеныя першымі хрысціянскімі супольнасцямі ІІІ-IV стагоддзяў. Яны нарадзіліся з набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі і з духоўнасці айцоў пустыні, святых і пакутнікаў.

Ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, падчас Імшы, якую ўзначаліць Папа, грузінскі хор выканае Ave Maria, напісаную Каталікосам усяе Грузіі Іллёй II, а таксама Шэн хар венахі – адзін з лепшых твораў грузінскага сярэднявечнага шматгалосся.

Ініцыятыва нарадзілася ў працяг экуменічнага дыялогу. 30 лістапада 2019 года Францішак напісаў ліст да Іллі ІІ, у якім прапанаваў сустрэчу ў Ватыкане з нагоды святкавання 40-годдзя гістарычнага візіту грузінскага Патрыярха ў 1980 годзе. Пандэмія 2020 года не дазволіла адсвяткаваць юбілей, але ідэя засталася. У традыцыйным абмене велікоднымі віншаваннямі ў 2022 годзе Патрыярх прапанаваў, каб у Ватыкане выступіў хор сабора Найсвяцейшай Тройцы.

Прысутнасць музычнага калектыву ў Ватыкане стала магчымай дзякуючы падтрымцы розных прадстаўнікоў грузінскага грамадства і ўрада. Апостальская нунцыятуры назвала гэта “гістарычнай падзеяй, якая адпавядае часу”.

Хор Самеба быў створаны ў 1998 годзе па ініцыятыве Іллі ІІ і хутка стаў своеасаблівым сімвалам сучаснай духоўнай культуры Грузіі.
 

24 чэрвеня 2022, 11:07