Арцыбіскуп Галахер: дамова з Кітаем служыць будаванню даверу
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У вялікім інтэрв’ю амерыканскаму каталіцкаму выданню America, другая частка якога была апублікавана 19 ліпеня 2022 года, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер заўважыў, што плёны дзейнасці часовай дамовы паміж Святым Пасадам і КНР па пытанню прызначэння біскупаў пакуль “не вельмі ўражваюць”.
“У нас было шэсць біскупскіх прызначэнняў і яшчэ некалькі знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі. Так што, гэта не безвынікова. Я мяркую, што мы хацелі б бачыць больш плёнаў, таму наперадзе яшчэ шмат працы, але ў пэўнай ступені дамова прыносіць вынікі”, - сказаў іерарх. Ён нагадаў, што з прычыны пандэміі на працягу апошніх двух гадоў амаль не было прамых кантактаў паміж Святым Пасадам і Кітаем, якія б маглі пасадзейнічаць лепшаму функцыянаванню пагаднення.
Высокі ватыканскі дыпламат зазначыў, што дамова спрыяе “будаванню даверу”. “Калі мы зможам паспяхова супрацоўнічаць з кітайскімі ўладамі ў справе прызначэння біскупаў, гэта, вядома, дапаможа абодвум бакам пачаць вывучэнне і іншых пытанняў”, - сказаў ён, дадаючы, што гаворка можа ісці, напрыклад, пра адкрыццё прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Кітаі.
Адказваючы на пытанне пра тое, чаму тэкст пагаднення аб прызначэнні біскупаў дагэтуль не быў апублікаваны, арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што гаворка ідзе пра часовую дамову, таму бакі дамовіліся, што тэкст не будзе абнародаваны прынамсі да канчатковага падпісання. Між іншым у дакумент яшчэ могуць уносіцца праўкі.
Іерарх адзначыў, што ёсць жаданне паступова павышаць узровень кантактаў з кітайскімі ўладамі. 14 лютага 2020 года арцыбіскуп Галахер сустрэўся ў Мюнхене з Міністрам замежных спраў Кітая Ванам І: цяпер ёсць жаданне, каб адбылася сустрэча кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна з кімсьці з высокіх прадстаўнікоў кітайскіх уладаў і падрыхтаваць такім чынам сустрэчу Францішка з Сі Цзіньпінам. “Я думаю, што і кітайцы згодныя з тым, што трэба паступова ўздымаць узровень беспасрэдных кантактаў паміж намі”, - дадаў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.