Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас візіту ва Украіну. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас візіту ва Украіну. Ілюстрацыйнае фота 

Высокі ватыканскі дыпламат: візіт ва Украіну – прыярытэт Папы

Прыярытэтам Папы на дадзены момант з’яўляецца візіт ва Украіну, сустрэча з уладамі Украіны, украінскім народам і Касцёлам ва Украіне, - заўважыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

18 ліпеня 2022 года амерыканскае езуіцкае выданне America апублікавала першую частку вялікага інтэрв’ю з Сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, прысвечаную геапалітычнай сітуацыі ў свеце, вайне ва Украіне і адносінам паміж Расіяй і Святым Пасадам.

Актуальную сітуацыю ў свеце высокі ватыканскі дыпламат назваў “сітуацыяй беспрэцэдэнтнага канфлікту і палярызацыі”. На яго думку, калі раней словы Папы пра “фрагментарную трэцюю сусветную вайну” здаваліся нонсэнсам, цяпер ужо бачна, што Пантыфік меў рацыю.

“Аднойчы я чытаў лекцыю для групы законніц і мы ўзялі мапы розных частак свету. Мы прайшліся разам па розных краінах і былі здзіўлены, што амаль паўсюль у свеце існуе якая-небудзь форма канфлікту; гэта можа быць не вайна, але грамадская палярызацыя або канфлікт паміж рознымі палітычнымі сістэмамі ў дадзенай краіне”, - сказаў іерарх.

На думку арцыбіскупа Галахера, небяспека сітуацыі заключаецца ў тым, што калі ачагі напружанасці ў розных частках свету злучацца паміж сабой, мы атрымаем “свет у канфлікце”. Неабходна прызнаць гэту рэальнасць і спрабаваць пераадолець яе, працуючы на палітычным, дыпламатычным, касцёльным узроўнях, прычым дзейнічаць трэба неадкладна, - сцвердзіў ён.

Папскі дыпламат звярнуў увагу таксама на патрэбу ў паляпшэнні працы міжнародных арганізацый. Магчыма трэба рэфармаваць ААН, каб была здольная вырашаць канфлікты ў свеце, - сказаў арцыбіскуп, заўважаючы таксама, што практычна “паралізавана” дзейнасць АБСЕ. Іерарх выказаўся на карысць шматбаковай дыпламатычнай сістэмы, падкрэсліваючы, аднак, што яна павінна быць рэфармаванай і адноўленай, каб лепш адпавядаць выклікам ХХІ стагоддзя.

Адказваючы на пытанні пра сітуацыю ва Украіне, арцыбіскуп Галахер, заўважыў, што яго нядаўні візіт у гэту краіну адбыўся ў кантэксце “вайны і ўварвання”, што дало яму магчымасць даведацца не толькі пра ўкраінскую дзяржаву, мясцовы Касцёл і рэлігійную сітуацыю, але таксама пра “вытрываласць, рашучасць і адвагу” ўкраінскага народа.

“Але таксама я даведаўся пра ўзровень пакут, які там пануе. Я быў у многіх месцах, пазначаных насіллем, канфліктам і смерцю”, - сказаў ён, нагадваючы, што меў магчымасць убачыць маштаб разбурэнняў у Ірпені, брацкія магілы ў Бучы, наведваў дзяржаўныя будынкі з зацемненымі вокнамі, падвалы, у якіх жывуць людзі.

“Відавочна, што вайна працягваецца далей. Гэта ў пэўнай ступені тое, што людзі называюць вайной на знішчэнне. Ёсць вялізарныя людскія страты. Вырашэнне цяжка ўбачыць на гарызонце. Канешне, я спадзяюся і малюся, каб яно наступіла і наступіла шляхам перамоў і дыпламатыі”, - сказаў арцыбіскуп Галахер, адзначаючы, што “ўкраінцам цяпер вельмі цяжка ўявіць сапраўдныя перамовы ў сувязі з глыбінёй пакут і траўмай людзей”.

“Я баюся, што гэта будзе працягвацца, са стратамі з абодвух бакоў”, - дадаў папскі дыпламат. На думку арцыбіскупа Галахера, на міжнароднай супольнасці ляжыць абавязак за захаванне надзеі на дыялог і перамовы, і гэта таксама частка ролі Апостальскай Сталіцы ў дадзеным кантэксце.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі нагадаў, што кантакты з Расіяй падтрымліваюцца праз пасольства гэтай краіны пры Апостальскай Сталіцы, а таксама з дзяржаўнымі ўстановамі праз нунцыя ў Маскве. Тым не менш “выразнага запрашэння Святога Пасаду да пасрэдніцтва з боку Масквы” не паступала.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што Апостальская Сталіца падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і гэта пазіцыя супадае з пазіцыяй украінскіх уладаў. “Гэта зыходны пункт. Ад украінцаў залежыць, ці будуць яны абмяркоўваць гэта з іншымі, у прыватнасці, вядома, з расіянамі. Калі яны вырашаць змяніць гэту тэрытарыяльную цэласнасць, гэта залежыць ад іх. Але, што датычыць нас: мы разумеем, што іх пазіцыя такая і паважаем яе”, - сказаў іерарх.

“На працягу дзесяцігоддзяў, напрыклад, мы паважалі суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць балтыйскіх краін у перыяд савецкай акупацыі. Мы ніколі не змянілі нашай пазіцыі ў дадзеным пытанні, што было вельмі высока ацэнена гэтымі краінамі, асабліва калі яны вярнулі сабе незалежнасць пасля падзення Савецкага Саюза”, - нагадаў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп запэўніў, што Папа хоча паехаць ва Украіну і адчувае, што павінен зрабіць гэта. На  пытанне журналіста пра тое, ці адправіцца Пантыфік туды, нават калі не атрымае запрашэння наведаць Маскву, дыпламат адказаў: “Я сказаў бы, што так! Гэтыя дзве рэчы не звязаны паміж сабой. Можа добра было б, калі б былі звязаны. Але я думаю, што галоўным прыярытэтам Папы на дадзены момант з’яўляецца візіт ва Украіну, сустрэча з украінскімі ўладамі, сустрэча з украінскім народам і Каталіцкім Касцёлам ва Украіне”.
 

19 ліпеня 2022, 13:16