Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: пацверджаны вялікія тэрміны за фінансавыя злачынствы

У Ватыкане завяршыўся судовы працэс над былым кіраўніком Інстытута рэлігійных спраў Анджэла Калоям і яго саўдзельнікамі – Габрыэле Ліуцам і яго сынам Ламбэрта Ліуцам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Апеляцыйны суд Дзяржавы Ватыкан – з некаторымі зменамі, якія датычаць тэрмінаў пазбаўлення волі – пацвердзіў рашэнне суда першай інстанцыі, якое было вынесена ў студзені 2021 года: цяпер прысуд не падлягае адмене.

Падсудныя былі прызнаны вінаватымі ў фінансавых махінацыях, здзейсненых у перыяд з 2001 па 2008 год: крадзяжы дзяржаўных сродкаў, адмыванні і прысвойванні буйной сумы грошай.

Анджэла Калоя і яго 98-гадовы адвакат Габрыэле Ліуца былі асуджаны на 8 гадоў і 6 месяцаў турэмнага зняволення. Яны павінны таксама выплаціць штраф у памеры 12,5 тысяч еўра. Сын адваката – Ламбэрта Ліуца – быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы і павінен выплаціць штраф у памеры 8 тысяч еўра. Суд прыняў рашэнне таксама аб канфіскацыі ў падсудных сумы, ужо замарожанай на іх рахунках, а таксама кампенсацыі шкоды, нанесенай Інстытуту рэлігійных спраў.

Паводле следства, асуджаныя ажыццяўлялі фінансавыя махінацыі падчас продажу нерухомасці ў Рыме і іншых гарадах. Такім чынам завяршыўся шматгадовы працэс, распачаты яшчэ ў 2014 годзе, у якім упершыню былі ўжыты нормы па барацьбе з фінансавымі злачынствамі, якія прывялі ватыканскае заканадаўства ў адпаведнасць да міжнародных стандартаў.
 

23 ліпеня 2022, 15:40