Пошук

Кардынал Паралін падчас візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга Кардынал Паралін падчас візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга 

Кардынал Паралін завяршыў першы этап візіту ў Афрыку

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы завяршыў візіт у Дэмакратычную Рэспубліку Конга і прыбыў у Паўднёвы Судан, дзе прабудзе да 8 ліпеня 2022 года ў якасці спецыяльнага пасланніка Пантыфіка.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал П’етра Паралін прызнаўся, што пачынае другую частку сваёй “афрыканскай пілігрымкі”, падбадзёраным вынікамі візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга. У яго рамках іерарх сустрэўся з Прэм’ер-міністрам і Прэзідэнтам, а таксама прыняў удзел у падпісанні дамовы паміж кангалезскімі ўладамі і епіскапатам, якія датычаць пытанняў, звязаных з дзейнасцю Касцёла ў сферы аховы здароўя, фінансамі, душпастырствам і сацыяльнай працай. Дзяржсакратар назваў дакумент “вуглавым каменем новага, больш мірнага і эфектыўнага супрацоўніцтва Касцёла з дзяржаўнымі ўладамі”.

Важным момантам пілігрымкі стала святая Імша, якую бліжэйшы супрацоўнік Папы цэлебраваў перад сядзібай кангалезскага парламенту ў Кіншасе. У літургіі бралі ўдзел каля 100 тысяч вернікаў. У гаміліі іерарх нагадаў, што “прагнасць прыродных рэсурсаў, грошай і ўлады закрываюць дзверы для міру і з’яўляюцца нападам на права на жыццё і спакой людзей”. Кардынал Паралін заклікаў вернікаў рабіць свой уклад на карысць міру і стабільнасці, выказваючы пажаданне на тое, што кангалезская зямля “зноў стане домам братэрства”.

Апошнім пунктам праграмы візіту Дзяржсакратара ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга стала сустрэча з прадстаўніцамі манаскіх супольнасцей, якія працуюць у краіне, і іх падапечнымі: хворымі, беднымі, моладдзю, пажылымі людзьмі і сужэнскімі парамі, якія прыбылі прывітаць пасланніка Папы ў будынку Апостальскай нунцыятуры ў Кіншасе. Кардынал Паралін выслухаў сведчанні сваіх гасцей, запэўніўшы, што распавядзе пра іх Святому Айцу і просячы маліцца за яго.

У Паўднёвым Судане Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы сустрэнецца з Прэзідэнтам і Прэм’ер-міністрам, мясцовымі ўладамі, біскупамі, духавенствам і кансэкраванымі асобамі, прадстаўнікамі ААН, наведае лагер для бежанцаў, цэнтр для дзяцей-інвалідаў, каталіцкі ўніверсітэт, узначаліць цэлебрацыю святой Імшы і благаславіць вуглавы камень пад будаўніцтва новай нунцыятуры.

Кардынал П’етра Паралін адправіўся ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан на выраз асаблівай блізкасці Папы да народаў гэтых краін, якія Пантыфік рыхтаваўся наведаць асабіста, але быў вымушаны адкласці падарожжа па просьбе лекараў, каб не ставіць пад пагрозу выніку тэрапіі каленнага сустава, якую працягвае праходзіць.
 

05 ліпеня 2022, 12:13