Пошук

Папа падчас сустрэчы з дэлегацыямі карэнных народаў Канады Папа падчас сустрэчы з дэлегацыямі карэнных народаў Канады 

Набліжаецца “далікатны візіт” Папы ў Канаду

“Гэта далікатны візіт”, - так арцыбіскуп Пол Рычард Галахер ахарактарызаваў падарожжа Святога Айца Францішка ў Канаду. Папскі візіт працягнецца з 24 па 30 ліпеня 2022 года.

Ян Глінскі - Vatican News

Галоўная мэта візіту Пантыфіка – сустрэча з прадстаўнікамі розных груп карэнных народаў і чарговы крок на шляху да прымірэння. Вясной Папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі карэнных народаў, якія пацярпелі ад злоўжыванняў у так званых рэзідэнцыяльных школах-інтэрнатах, а цяпер хоча “акунуцца ў гэтую рэчаіснасць на канадскай зямлі”.

“Святы Айцец зверне ўвагу на цярпенне і на некаторыя са страшных рэчаў, што мелі месца ў мінулым, асабліва ў адносінах да карэннага насельніцтва, – адзначыў арцыбіскуп Галахер у інтэрв'ю выданню America. – Немагчыма прадказаць, што менавіта з гэтага атрымаецца. Але мы, вядома, маем надзею і молімся, каб гэта быў чарговы крок на шляху паяднання, якім ужо доўгі час ідзе Каталіцкі Касцёл у Канадзе. Святы Айцец прыбывае туды, каб падбадзёрыць, выказаць глыбокае шкадаванне і смутак, а таксама прасіць аб прабачэнні за тое, што здарылася ў мінулым”.
 

22 ліпеня 2022, 08:57