Пошук

Генеральная асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота Генеральная асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: я хацеў бы ўбачыць рэформу ААН

“Хацелася б бачыць заканчэнне вайны ва Украіне”, - такое спадзяванне на бліжэйшыя гады выказаў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі ў інтэрв’ю выданню America.

Ян Глінскі - Vatican News

Па словах арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, вайна ва Украіне прынесла “найвялікшае цярпенне, найбольшы боль і найбольшы неспакой” у апошні час, прывяла да розных крызісаў і паставіла пад пытанне будучыню Еўропы.

“Несумненна, адным з галоўных пытанняў будзе збожжа – экспартаванае зараз альбо не экспартаванае – з Украіны і Расіі. Як гэта паўплывае на розныя часткі свету, асабліва на Паўночную Афрыку, Егіпет? Гэта, несумненна, вельмі непакоіць”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх.

“Я хацеў бы ўбачыць, як мы справімся з міграцыяй, а асабліва з гандлем людзьмі ў межах міграцыйнага крызісу”, - сказаў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, выказваючы таксама спадзяванне на аднаўленне перамоваў паміж Ізраілем і Палестынай.

Папскі дыпламат назваў і іншыя чаканні: большая палітычная стабільнасць у Лацінскай Амерыцы, у прыватнасці ў Нікарагуа; вяртанне дэмакратыі ў М’янме і завяршэнне лакальнага канфлікту ў гэтай азіяцкай краіне.

“Ад часу заснавання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Ватыкан заўсёды верыў, што яна можа быць месцам дыялогу, і заўсёды яе падтрымліваў”, - сказаў дыпламат, з жалем звяртаючы ўвагу на дзеянні Расіі, якія фактычна спісваюць ва ўтыль Хартыю ААН.

“На працягу многіх гадоў людзі хочуць бачыць рэформу Рады Бяспекі, але гэта лічыцца немагчымым з-за кантролю, які над гэтым працэсам здзяйсняюць пяць пастаянных дзяржаў-удзельніц”, - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер, але адначасова нагадаў, што нягледзячы на ўсе цяжкасці ААН робіць свой уклад у захаванне міру ў свеце, дапамагае людзям вытрываць у канфліктах і рознага роду крызісах, сярод якіх харчовы.

“Не ўсё смутна і змрочна. Ёсць шмат рэчаў, якія функцыянуюць. Але ёсць таксама і вялікае расчараванне тым, як працуе гэта арганізацыя, у прыватнасці ў Нью-Ёрку і Жэневе”, - дадаў ён.

Ватыканскі дыпламат выказаўся таксама і пра будучыню адносін Апостальскай Сталіцы і Кітая: “Мы хацелі б, каб каталіцкая супольнасць магла ўнесці большы ўнёсак у будучыню і дабрабыт кітайскага народа”.

Акрамя гэтага іерарх пацвердзіў, што Папа прыняў запрашэнне ад Прэзідэнта Казахстана на Кангрэс рэлігій свету, які адбудзецца ў верасні. Арцыбіскуп не выключае, што там Папа можа сустрэцца з Патрыярхам Кірылам, у выпадку прысутнасці праваслаўнага іерарха на згаданым форуме.
 

22 ліпеня 2022, 09:54