Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: адзначыць Дзень пажылых ва ўсіх дыяцэзіях свету

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця абнародавала падрабязнасці адносна ІІ Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца 24 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У ватыканскай базыліцы святога Пятра ў гэты Дзень ўрачыстую Эўхарыстыю узначаліць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс. Ён правядзе цэлебрацыю па даручэнні Пантыфіка, які ў гэты час будзе знаходзіцца з Апостальскім візітам у Канадзе.

У камюніке ватыканскага ведамства падкрэсліваецца, што адзначыць Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей запрашаюцца ўсе парафіі, дыяцэзіі і каталіцкія супольнасці ў свеце. На сайце Дыкастэрыі даступныя душпастырскія і літургічныя матэрыялы і прапановы, якія павінны дапамагчы ў арганізацыі належнага святкавання.

Святы Пасад нагадаў, што двума галоўнымі спосабамі, каб належна правесці гэты Дзень, з’яўляюцца цэлебрацыя святой Імшы і адведванне самотных пажылых людзей. За здзяйсненне гэтага “ўчынку міласэрнасці нашага часу”, як назваў Францішак адведванне самотных старыкоў, Касцёл устанавіў магчымасць атрымання поўнага адпусту.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця працытавала ліст кардынала Анджэла Дэ Данаціса да парафій Рымскай дыяцэзіі, у якім заўважаецца, што летам пажылыя людзі рэдка ездзяць у адпачынак: часцей яны застаюцца ў горадзе і адчуваюць сябе яшчэ больш самотнымі.

“У сувязі з гэтым добра было б арганізаваць нейкі просты і значны момант для пажылых. Некаторыя парафіі ў мінулым годзе вырашылі правесці ў суботу ці нядзелю вечаровую святую Імшу пад адкрытым небам, з благаслаўленнем пажылых, а затым музычныя забывы і сумесную вячэру. З гэтай нагоды я заклікаю вас наведаць пажылых людзей дома ці ў дамах састарэлых. Простыя жэсты ўвагі, зробленыя з любоў і пастырскай міласэрнасцю, дададуць адвагі і святла многім людзям”, - напісаў Папскі вікарый.

Папа Францішак устанавіў Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей у 2021 годзе. Ён адзначаецца ў Касцёле штогод у чацвёртую нядзелю ліпеня ў непасрэднай блізкасці да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса.
 

14 ліпеня 2022, 15:01