Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад зрабіў заяву адносна “Сінадальнага шляху” ў Германіі

Апостальская Сталіца ўдакладніла, што “Сінадальны шлях” у Германіі не мае паўнамоцтваў абавязваць біскупаў і вернікаў прымаць новыя спосабы кіравання і новыя падыходы да дактрыны і маралі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 ліпеня 2022 года Святы Пасад абнародаваў адмысловую дэкларацыю. “Каб абараніць свабоду Божага народа і выкананне біскупскага служэння, здаецца неабходным удакладніць, што “Сінадальны шлях” у Германіі не мае паўнамоцтваў абавязваць біскупаў і вернікаў прымаць новыя спосабы кіравання і новыя ўстаноўкі дактрыны і маралі. Таму да пагаднення, узгодненага на ўзроўні Паўсюднага Касцёла, было б неправамерна ўводзіць у дыяцэзіях новыя афіцыйныя структуры або вучэнні, што ўяўляла б сабой рану для касцёльнай камуніі і пагрозу для адзінства Касцёла”, - гаворыцца ў дакуменце.

У паведамленні прыводзяцца словы Францішка з Ліста да Божага народа, які пілігрымуе ў Германіі: “Паўсюдны Касцёл жыве ў мясцовых Касцёлах і разам з імі, гэтак жа як мясцовыя Касцёлы жывуць і квітнеюць у Паўсюдным Касцёле і разам з ім, а калі яны аказваюцца аддзеленымі ад усяго касцёльнага цела, тады слабеюць, гніюць і паміраюць. Адсюль вынікае неабходнасць падтрымліваць заўсёды жывую і дзейсную камунію з усім целам Касцёла”.

“Таму ёсць надзея, – падсумоўваецца ў дэкларацыі, – што прапановы Шляху мясцовых Касцёлаў у Германіі будуць збліжацца з сінадальным шляхам, якім ідзе Паўсюдны Касцёл, дзеля ўзаемнага ўзбагачэння і сведчання той еднасці, праз якую цела Касцёла выяўляе сваю вернасць Хрысту Пану”.
 

21 ліпеня 2022, 14:10