Святы Пасад на канферэнцыі Ukraine Recovery у Лугана
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Іньяцыя Касіс і Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 30 мая 2022 года запрасілі Апостальскую Сталіцу прыняць удзел у Ukraine Recovery Conference, што прайшла ў швейцарскім Лугана 4-5 ліпеня 2022 года. Дэлегацыю Святога Пасаду на сустрэчы ўзначальваў мансеньёр Міраслаў Вахоўскі, намеснік Сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. У яе склад увайшоў таксама папскі прадстаўнік у Берне арцыбіскуп Марцін Крэбс.
Мансеньёр Вахоўскі прывёз у Лугана пажаданні і малітву Святога Айца за мірную будучыню на дарагой украінскай зямлі, каб дзякуючы салідарнасці ўсіх атрымалася з міласэрнай любоўю адбудаваць тое, што было зруйнавана вар’яцтвам вайны.
У канферэнцыі прынялі ўдзел, прынамсі на міністэрскім узроўні, больш за 40 краін, а таксама старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен, якія падпісалі дэкларацыю Lugano Principles адносна адбудовы Украіны, пагадзіўшыся ў пытанні неабходнасці ўсёахопных рэформ для мадэрнізацыі краіны.
У сваёй кароткай прамове мансеньёр Вахоўскі выказаў спадзяванне Святога Пасаду на тое, што вайна закончыцца як мага хутчэй, а супольныя намаганні міжнароднай супольнасці здолеюць перамагчы цяжкі гуманітарны крызіс і прычыніцца да матэрыяльнага і духоўнага абнаўлення грамадскай тканкі, становячыся красамоўным знакам надзеі для ўкраінскага народа.