Святы Пасад нагадаў пра цяжкасці работнікаў марской сферы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Кардынал Майкл Чэрны звярнуў увагу на тое, што работнікі марской сферы “рухаюць сусветную эканоміку”, непасрэдна ўплываючы на жыццё кожнага з нас, а ў той жа час сустракаюцца з цяжкімі праблемамі, часта не маюць належнага адпачынку і медыцынскай дапамогі.
“З вайной ва Украіне караблі цяпер сутыкаюцца з цяжкай задачай навігацыі праз міны ў Чорным і Азоўскім морах. Шмат судоў патанула і шмат чалавечых жыццяў было загублена падчас гэтай несправядлівай і амаральнай вайны”, - напісаў іерарх.
Прэфект таксама нагадаў пра пандэмію каронавіруса, якая прывяла да таго, што больш чым 400 тысяч маракоў не мелі магчымасці пакінуць караблі нават па заканчэнні кантракту. У сваю чаргу экіпажы, якія павінны былі змяніць іх, не маглі дабрацца да сваіх судоў, што для некаторых азначала сапраўдную эканамічную катастрофу, бо не мелі сродкаў, каб клапаціцца аб штодзённых патрэбах сваіх блізкіх.
Кардынал Чэрны заўважыў, што некаторыя судаходныя кампаніі атрымалі велізарны прыбытак падчас крызісу, у выніку якога быў парушаны глабальны ланцужок паставак тавараў. “Выклікае шкадаванне, калі не сказаць больш, што гэтыя кампаніі падзяліліся з маракамі толькі нязначнай доляй непамерных прыбыткаў, якія атрымалі... Кампаніі атрымліваюць выгаду, а маракі і іх сем’і расплачваюцца за гэта”, - з расчараваннем дадаў ён.
Іерарх нагадаў, што прымусовае працягненне тэрмінаў кантрактаў прыводзіць да фізічнага і псіхалагічнага знясілення маракоў, што можа стаць прычынай чалавечых памылак з небяспечнымі наступствамі. “Мы заклікаем не ігнараваць маракоў, бо мы залежым ад іх, а таксама ад іх псіхалагічнага здароўя, якое павінна гарантавацца праз стварэнне справядлівых умоў працы, - напісаў ён.
Кардынал Чэрны нагадаў пра Канвенцыю аб працы ў марскім судаходстве 2006 года, якая патрабуе ад судаходных кампаніі забеспячэння маракоў прыстойным і чыстым жыллём, паўнавартасным харчаваннем, бяспечнымі ўмовамі працы, адэкватным працоўным часам і адпачынкам на беразе.
“Магчымасць пакінуць карабель і сысці на бераг, нават калі толькі на кароткі час, вельмі важная для дабрабыту маракоў”, - напісаў прэфект, адзначаючы, што з паслабленнем антыкавідных абмежаванняў большасць людзей можа свабодна перасоўвацца, але не маракі. “Гэта сур’ёзная несправядлівасць”, - зазначыў іерарх. Ён звярнуў увагу на той факт, што некаторыя ўрады і кампаніі дазваляюць сыходзіць на бераг толькі тым маракам, якія маюць “правільнае грамадзянства”. “Такая дыскрымінацыя настолькі ж несправядлівая, наколькі амаральная”, - падкрэсліў ватыканскі кардынал, нагадваючы пра прыроджаную годнасць маракоў, якая павінна паважацца дзе б яны ні знаходзіліся ў свеце.