Святы Пасад: жанчыны граюць важную ролю ў прадухіленні войнаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Пасад падтрымлівае прынцып поўнай і сапраўднай роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, як фундаментальны аспект справядлівага і дэмакратычнага грамадства, - запэўніў мансеньёр Сайман Касас. Ён заклікаў стварыць “шырокую прастору для большага ўдзелу жанчын у справе прадухілення войнаў, дасягнення прымірэння, аднаўлення пасляваенных грамадстваў, у дзейнасці па прафілактыцы ўзнаўлення ўзброеных канфліктаў”.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што ў гісторыі менавіта жанчыны неаднаразова гралі вызначальную ролю, як у прадухіленні канфліктаў, так і іх вырашэнні.
Ватыканскі дыпламат зазначыў, што Святы Пасад падтрымлівае намаганні АБСЕ па прасоўванні раўнапраўя жанчын і мужчын і ўхваляе дзейнасць яе выканаўчых структур, накіраваных на барацьбу з насіллем над жанчынамі і дзяўчынамі. Раўнапраўе, якое прасоўвае АБСЕ, павінна ўключаць і гарантаванне надзейных рабочых месцаў для жанчын у самой гэтай арганізацыі, стварэнне роўных магчымасцей для ўдзелу ў грамадска-палітычным, эканамічным і культурным жыцці, а таксама “аблягчэнне рабочага працэсу дзеля таго, каб жанчыны і мужчыны маглі спраўляцца з двайной адказнасцю: рабочай і сямейнай”, - зазначыў мансеньёр Касас.