Эксперт: пакаянне – ключ да разумення пілігрымкі ў Канаду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Менавіта такое вызначэнне, якое Папа выкарыстаў падчас малітвы Анёл Панскі ў нядзелю 17 ліпеня 2022 года, “дазваляе зразумець асаблівасць будучага падарожжа ў Канаду”, - напісаў Андрэа Тарніелі ў сваёй калонцы на партале Vatican News.
Ватыканскі эксперт зазначыў, што ў першую чаргу гаворка ідзе не проста пра візіт у пэўную краіну ці сустрэчу з каталіцкай супольнасцю, але хутчэй пра “канкрэтны жэст блізкасці да карэнных народаў, якія насяляюць гэту зямлю і якія пацярпелі ад наступстваў каланіялісцкіх паводзінаў”.
“Адна з бед каланіялізму – гэта спроба сцерці культуру тыбульцаў, якая ажыццяўлялася ў так званых “школах-інтэрнатах”, інстытутах, дзе спрабавалі “выхоўваць” і “настаўляць” дзяцей з карэнных народаў з дапамогай жорсткай дысцыпліны, адлучаючы іх ад сем’яў. Гэтыя школы, у якіх адзначаўся вельмі высокі ўзровень смяротнасці, былі заснаваны канадскім урадам, які іх фінансаваў, але кіраванне імі было даручана структурам хрысціянскіх Цэркваў, і такім чынам, таксама, каталіцкім манаскім ордэнам”, - нагадаў ватыканіст.
Тарніелі заўважыў, што “шлях аздараўлення і прымірэння пачаўся даўно і яго важным этапам сталі сустрэчы, якія прайшлі ў Рыме з канца сакавіка па пачатак красавіка 2022 года, калі Францішак спачатку прыняў паасобку, а потым усе разам, групы першых народаў, метысаў і інуітаў, выказваючы ім сваё “абурэнне і сорам” у сувязі з тым, што адбылося. Карэнныя народы адчулі сябе прынятымі, а ў першую чаргу – выслуханымі, але вельмі хацелі таксама, каб Біскуп Рыма наведаў іх землі і папрасіў прабачэння”.
Праграмны дырэктар СМІ Святога Пасаду падкрэсліў, што “ключом да разумення гэтага падарожжа з’яўляцца пакаяннае стаўленне, якое пазначыць яго асноўныя моманты”. Эксперт нагадаў, што такую самую пазіцыю прапанаваў Бэнэдыкт XVI у 2010 годзе перад абліччам скандалу злоўжыванняў супраць непаўналетніх, а таксама святы Ян Павел ІІ, які падчас Юбілею 2000 года дзеля “ачышчэння памяці” заклікаў да “чыну мужнасці і пакоры ў прызнанні хібаў, зробленых тымі, хто насіў і носіць імя хрысціяніна”.
“Здольнасць слухаць, ставячы сябе на месца ахвяр і іх сем’яў, раздзяляць іх боль і разумець яго, адказваць жэстамі блізкасці, а не толькі гістарычным аналізам або халоднай статыстыкай, з’яўляецца глыбока хрысціянскай. Наступнік святога Пятра прыходзіць “у імя Езуса, каб сустрэць і абняць” як пастыр Касцёла, які не саромецца паказаць сябе пакорным і прасіць прабачэння”, - завяршыў сваё разважанне Андрэа Тарніелі.