Пошук

Ян Павел І. Ілюстрацыйнае фота Ян Павел І. Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане паведамілі падрабязнасці беатыфікацыі Яна Паўла І

Зала Друку Апостальскай Сталіцы абнародавала праграму ўрачыстасцей з нагоды беатыфікацыі папы Яна Паўла І, якая адбудзецца ў нядзелю 4 верасня 2022 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургія з абрадам беатыфікацыі, якую ўзначаліць Францішак, распачнецца ў 10.30 па рымскім часе. Просьбу аб абвяшчэнні Яна Паўла І благаслаўлёным зачытаюць пастыр яго роднай дыяцэзіі Белуна-Фельтрэ, біскуп Рэната Марангоні, пастулятар беатыфікацыйнага працэсу кардынал Бэньяміна Стэла і віцэ-пастулятар Стэфанія Фаласка. Днём раней, у суботу 3 верасня, у базыліцы святога Яна на Латэране адбудзецца малітоўнае чуванне пад кіраўніцтвам кардынала Анджэла Дэ Данаціса, Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.

Святая Імша падзякі за беатыфікацыю пройдзе ў нядзелю 11 верасня. Яна адбудзецца на галоўнай гарадской плошчы ў Канале-д’Агарда, месцы нараджэння новага благаслаўлёнага. У Эўхарыстыі прымуць удзел біскупы і духавенства дыяцэзій, у якіх Альбіна Лучані выконваў сваё святарскае і біскупскае служэнне: Патрыярхату Венецыі, дыяцэзій Віторыа-Венета і Белуна-Фельтрэ.

За некалькі дзён да беатыфікацыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы адбудзецца прэс-канферэнцыя, арганізаваная пастуляцыйнымі камітэтам, у якой возьме ўдзел Кандэла Ярда – аргентынская дзяўчына, якая пасля малітвы да Пантыфіка вылечылася невытлумачальным для навукі чынам ад сур’ёзнай формы энцэфалапатыі. Гэта адбылося ў 2011 годзе, калі яна мела 11 гадоў. У прэс-канферэнцыі будуць удзельнічаць таксама бацькі маладой аргентынкі і пробашч буэнас-айрэскай парафіі, што знаходзіцца побач са шпіталем, дзе яна лячылася. Менавіта ён параіў Кандэле маліцца праз заступніцтва Альбіна Лучані.

Беатыфікацыйны працэс Яна Паўла І распачаўся праз 25 гадоў пасля яго смерці – у 2003 годзе – на ўзроўні дыяцэзіі Белуна-Фельтэ. У 2006 годзе ўся неабходная дакументацыя была перададзена ў ватыканскую Кангрэгацыю па справах кананізацыі. 8 лістапада 2017 года Францішак ухваліў дэкрэт аб гераічнасці цнот Лучані, а 13 кастрычніка 2021 года – аб прызнанні цуду, які адбыўся дзякуючы яго заступніцтву.

Пантыфікат Яна Паўла І быў адным з самых кароткіх у гісторыі – ён працягваўся ўсяго 33 дні: з 26 жніўня па 28 верасня 1978 года. Альбіна Лучані стане пятым Рымскім Пантыфікам ХХ стагоддзя, абвешчаным благаслаўлёным, чацвёра з іх – Пій Х, Ян ХХІІІ, Павел VI і Ян Павел ІІ ужо абвешчаны святымі.
 

12 ліпеня 2022, 08:21