Ватыканская абсерваторыя пра здымкі з тэлескопа “Джэймс Уэб”
Ян Глінскі - Vatican News
“Выявы галактык, якія ўтварыліся неўзабаве пасля Вялікага выбуху, зробленыя касмічным тэлескопам “Джэймс Уэб”, з’яўляюцца захапляльным прадвесцем таго, аб чым мы можам даведацца ў будучыні дзякуючы гэтай прыладзе”, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве, падпісанай дырэктарам абсерваторыі, братам Гаем Кансальманьё.
Па словах папскага астранома, веды, дзякуючы якім быў створаны тэлескоп “Джэймс Уэб”, – гэта “спроба выкарыстаць інтэлект, якім надзяліў нас Бог, каб зразумець логіку сусвету, бо свет не функцыянаваў бы, калі б не быў лагічны”. Езуіт дадаў, што свет “з’яўляецца Божай справай, аб’яўленай нам Богам, і мы можам бачыць у ім адначасова Яго незвычайную моц і Яго любоў да прыгажосці”.
Асабліва ўзрадавала брата Кансальманьё адкрыццё першых прыкмет вадзяной пары ў атмасферы адной з экзапланет, што адбылося “праз 150 гадоў пасля таго, як айцец Анджэла Сэкі паставіў прызму перад аб’ектывам свайго тэлескопа на даху касцёла святога Ігнацыя ў Рыме і зрабіў першыя спектральныя вымярэнні атмасферы планет нашай сонечнай сістэмы“.
Ватыканскі астраном падкрэсліў, што здымкі з тэлескопа “Джэймс Уэб” з’яўляюцца “каштоўнай і неабходнай ежай для чалавечага духу, бо не адным хлебам жыве чалавек, асабліва ў наш час”. Брат Кансальманьё таксама з задавальненнем адзначыў, што большасць вучоных, якія ўдзельнічалі ў праектаванні і будаўніцтве тэлескопа “Джэймс Уэб”, з’яўляюцца яго сябрамі.
Касмічны тэлескоп “Джэймс Уэб” – арбітальная інфрачырвоная абсерваторыя, пабудаваная ў 2007-2021 гг. У касмічную прастору ён быў запушчаны ў снежні 2021 г.