Пошук

Біскуп Нунцыа Галанціна Біскуп Нунцыа Галанціна 

Біскуп Галанціна: Касцёл хоча заваяваць давер у сферы фінансаў

Святы Пасад апублікаваў фінансавую справаздачу за 2021 год. Па словах старшыні Адміністрацыя маёмасці Святога Пасаду (APSA), гэта з’яўляецца выразам празрыстасці і жадання заваяваць давер.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Баланс аднаго з самых важных фінансавых ведамстваў Святога Пасаду, якое кіруе ў тым ліку фінансавымі інвестыцыямі Дзяржсакратарыята і нерухомасцю, паказаў прафіцыт у памеры больш за 8 мільёнаў еўра, нягледзячы на цяжкасці, выкліканыя пандэміяй.

Біскуп Нунцыа Галанціна адзначыў, што фінансавыя перспектывы застаюцца няпэўнымі з прычыны вайны ва Украіне. Адміністрацыя таксама засяродзіла ўвагу на дапамозе найбольш неабароненым катэгорыям насельніцтва, пра што сведчыць дапамога кватэранаймальнікам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Іерарх адзначыў, што APSA і ў папярэднія гады рыхтавала баланс, які аналізаваўся і кантраляваўся. Аднак яго нідзе не публікавалі. Было вырашана даць магчымасць тым, хто цікавіцца дадзенымі, рабіць абгрунтаваныя высновы і пазбягаць паўтарэння агульных лозунгаў аб касцёльнай маёмасці і фінансах.

Біскупа Галанціна запыталіся, наколькі новая Апостальская канстытуцыя аб рэформе Рымскай курыі паўплывала на дзейнасць Адміністрацыі маёмасці.

“Канстытуцыя Praedicate Evangelium рашуча пераарыентавала ўсю дзейнасць Рымскай курыі на адзінае служэнне місіі Касцёла, якой з’яўляецца евангелізацыя. Таму і мы, як APSA, павінны пастаянна памятаць, што праз нашу працу мы рэалізуем сваё пакліканне да евангелізацыі. Безумоўна, мы не евангелізуем, калі ў кіраванні дабротамі губляюцца канкрэтныя мэты, якім мы павінны служыць. Калі я сканцэнтраваны на спекулятыўных інвестыцыях, я дакладна не прапаведую Евангелле. Таксама не можна назваць евангелізацыяй, калі з прычыны занядбання ці некампетэнтнасці ў распараджэнні дабротамі ўзнікаюць цяжкасці з рэалізацыяй мэты гарантавання таго, што неабходна для місійнай дзейнасці Касцёла і Рымскай Курыі”, - адзначыў кіраўнік фінансавай стрыктуры Святога Пасаду.

Аўтарытэт і рэпутацыя Касцёла, лічыць біскуп Галанціна, “прыходзяць у тым ліку і праз кампетэнтнае і празрыстае кіраванне дабротамі”. Сюды ўпісваецца і абнародаванне балансу, што “з’яўляецца канкрэтным спосабам падзякі тым, хто розным чынам працягвае шчодра давяраць Касцёлу свае рэсурсы для рэалізацыі яго місіі”.
 

07 жніўня 2022, 09:34