Пошук

Ян Павел І Ян Павел І  

Хутка беатыфікацыя Яна Паўла I

У Італіі ідзе падрыхтоўка да беатыфікацыі Яна Паўла І – апошняга на сённяшні дзень Папы з гэтай краіны. Яго кароткі, усяго 33-дзённы пантыфікат працягваўся з 26 жніўня па 28 верасня 1978 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сама цырымонія адбудзецца ў нядзелю 4 верасня 2022 года ў 10.30 на плошчы святога Пятра. Яе ўзначаліць асабіста Францішак. Просьбу аб беатыфікацыі Альбіна Лучані прадставіць пастыр яго роднай дыяцэзіі Белуна-Фэльтрэ, біскуп Рэната Марангоні разам з пастулятарам беатыфікацыйнага працэсу кардыналам Беньяміна Стэлай і віцэ-пастулятарам Стэфаніяй Фаласка.

Сярод канцэлебрантаў будзе пастыр дыяцэзіі Віторыа-Вэнэта, біскуп Карада Піцыёла, які прыбудзе ў Рым з групай вернікаў з дыяцэзіі, якую будучы Папа ўзначальваў у 1958-1969 гадах, перш чым стаў Патрыярхам Венецыі.

Напярэдадні, 3 верасня ўвечары ў базыліцы святога Яна на Латэране, папскі Генеральны вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла дэ Данаціс узначаліць малітоўнае чуванне перад беатыфікацыяй.

У рамках падрыхтоўкі да ўрачыстасці ў пятніцу 26 жніўня ў катэдры Віторыа-Вэнэта адбудзецца вечар разважанняў і малітвы. Да ўдзелу запрашаюцца асобы, якія паедуць на беатыфікацыю ў Ватыкан, але і тыя, хто будзе сачыць за ёй з дому праз СМІ.

У нядзелю, 11 верасня на плошчы ў Канале-д'Агорда, на радзіме Яна Паўла І, вернікі трох звязаных з ім дыяцэзій: Белуна-Фэльтрэ, Віторыа-Вэнэта і Венецыя прымуць удзел у падзяцы за беатыфікацыю. Святую Імшу ўзначаліць Патрыярх Венецыі, арцыбіскуп Франчэска Маралья.

Ян Павел І, або Альбіна Лучані, нарадзіўся 17 кастрычніка 1912 года ў Форна-дзі-Канале (сёння Канале-д'Агорда) на паўночным усходзе Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 7 ліпеня 1935 года. 15 снежня 1958 года святы Ян XXIII прызначыў яго біскупам Віторыа-Вэнэта і асабіста пасвяціў 27 снежня таго ж года ў Ватыкане. Роўна праз 11 гадоў – 15 снежня 1969 года Павел VI прызначыў яго Патрыярхам Венецыі, а 5 сакавіка 1973 года ўключыў у склад Калегіі кардыналаў. На канклаве 26 жніўня 1978 года кардынал Лучані быў абраны Пантыфікам і першым у гісторыі прыняў двайное імя: Ян Павел I. Ён нечакана памёр увечары 28 верасня 1978 года пасля 33 дзён знаходжання на пасадзе. Гэта быў дзясяты самы кароткі пантыфікат у гісторыі Касцёла і першы такі кароткі з часоў Льва ХІ (1605 год).

17 чэрвеня 2003 года Ян Павел ІІ даў дазвол на распачацце беатыфікацыйнага працэсу свайго папярэдніка, які стартаваў на ўзроўні дыяцэзіі Белуна 23 лістапада таго ж года і завяршыўся праз тры гады. Матэрыялы былі перададзены ў Кангрэгацыю па справах кананізацыі. У лістападзе 2017 года ўжо Францішак абвясціў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Яна Паўла І, а 13 кастрычніка 2022 года быў апублікаваны дэкрэт аб прызнанні цуду праз яго заступніцтва.

Ян Павел І стане пятым Пантыфікам ХХ стагоддзя, які будзе ўзнесены да хвалы алтароў, пасля святога Пія Х (1903-1914), святога Яна XXIII (1958-1963), святога Паўла VI (1963-1978) і святога Яна Паўла ІІ (1978-2005).
 

22 жніўня 2022, 19:56