Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Кардынал Паралін: Папа хоча паехаць і ў Маскву, і ў Кіеў

Жаданне Папы – паехаць і ў Маскву, і ў Кіеў з намерам скончыць вайну, - паведаміў Дзяржсакратар Яго Святасці, кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У гэтыя дні бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка знаходзіцца на адпачынку ў Прыміера, недалёка ад Трэнта. Ён даў кароткі каментар мясцоваму інтэрнэт-выданню La Voce del NordEst.

Святы Пасад стараецца падтрымліваць добрыя адносіны з усімі, каб мець магчымасць размаўляць з людзьмі і разам супрацьстаяць цяжкасцям, - адзначыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Францішак дагэтуль не наведаў Расію, паколькі не было адпаведных умоў: “мы спадзяёмся, што адкрыецца нейкая прастора”, - звярнуў увагу кардынал Паралін, маючы на ўвазе цяперашнія адносіны паміж Святым Пасадам і РФ.

У сваім ліпеньскім інтэрв’ю агенцтву Reuters Францішак прызнаўся, што існавалі кантакты паміж кардыналам Дзяржсакратаром і Міністрам замежны спраў Расіі адносна яго магчымай паездкі ў Маскву, але першыя сігналы не былі станоўчымі. Тады Масква адказала, што гэта неадпаведны момант. Папа, аднак, думае, што цяпер, магчыма, нешта змянілася.

“Я хацеў бы наведаць Украіну, але раней хацеў паехаць у Маскву. Мы абмяняліся пасланнямі на гэтую тэму, бо я думаў, што расійскі прэзідэнт адкрые мне невялікае акенца, каб я мог паслужыць справе міру... І цяпер, магчыма, пасля майго вяртання з Канады, я змагу паехаць ва Украіну”, - сказаў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што “мае жаданне паехаць у абедзве сталіцы”.
 

15 жніўня 2022, 11:18