Пошук

Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі 

Кіраўнік СМІ Святога Пасаду пра задачы “добрай журналістыкі”

Парадокс нашага часу заключаецца ў тым, што "мы гіперзвязаны і адзінокія адначасова", - заявіў на Сусветным кангрэсе SIGNIS прэфект ватыканскай Дэкастэрыі па камунікацыі

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Форум каталіцкіх медыя на тэму: Мір у лічбавым свеце праходзіць з 15 па 18 жніўня 2022 года ў Сеуле. Ён сабраў каля 300 удзельнікаў з 31 краіны.

Адзіны спосаб адказаць на выклік тэхналогіі – не ўспрымаць яе як ідала, - звярнуў увагу Паола Руфіні. Ёсць рэчы, якія ніякія тэхналогіі не могуць замяніць, напрыклад, свабода, цуд сустрэчы з іншым чалавекам, зварот да Бога, вынаходлівасць, бескарыслівая любоў.

Італьянскі эксперт нагадаў, што шырокае існаванне такіх тэхналагічных навінак як відэаканферэнцыі, тэлемедыцына і электронная камерцыя было нельга ўявіць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Аднак парадокс нашага часу заключаецца ў тым, што "мы гіперзвязаны і адзінокія адначасова", і гэта нараджае праблему, калі ўжо не існуе камунікацыі, ёсць толькі падлучэнне.

Адзіны спосаб адказаць на выклік тэхналогіі, па словах прэфекта, - не лічыць яе ідалам, але і не дэманізаваць. Пры гэтым варта памятаць, што "спажывецкае замяняе сапраўднае і трывалае шчасце на кароткатэрміновае задавальненне".

Шчасце, якое можна купіць, недаўгавечнае, але ўзаемаадносіны, укаранёныя ў любові, "могуць зрабіць нас менш адзінокімі, яны могуць доўжыцца доўга і зрабіць нас шчаслівымі". Любоў, адзначыў прэфект, заснавана на "максімальнай уразлівасці", на патрэбе любіць і быць любімым, дарыць і прымаць у дар: "Гэта аснова любой камунікацыі, і менавіта таму аднаго толькі падлучэння недастаткова".

Цытуючы пасланне Папы на 53-ці Сусветны дзень масавай камунікацыі, Руфіні падкрэсліў, што групы ў сацсетках не з'яўляюцца аўтаматычна сінонімам супольнасці: “Вельмі часта іх самаідэнтыфікацыя заснавана на супрацьпастаўленні сябе іншым, чужым для дадзенай групы: вызначэнне саміх сябе заснавана на тым, што падзяляе, а не на тым, што аб'ядноўвае, і гэта адчыняе прастору для недаверу і для вылівання рознага роду прадузятасці (этнічнай, сексуальнай, рэлігійнай і гэтак далей). (…) Тое, што павінна быць акном у свет, становіцца вітрынай для самалюбавання”.

Задача “добрай журналістыкі”, якую як мэту ставіць перад сабой SIGNIS, па словах ватыканскага прэфекта, заключана ў пошуку “наватарскіх шляхоў для новай камунікацыі”, у змешванні жанраў і моў, увазе да дыялогу, а не да маркетынгу ідэй, да інтэлекту як маральнай катэгорыі, а не да фанатычнага маралізму натоўпу. Існуе патрэба ў крэатыўным падыходзе, "каб дасягаць людзей там, дзе яны жывуць і знаходзіць магчымасці для таго, каб іх выслухаць, для дыялогу і сустрэчы".

Руфіні лічыць, што тут неабходна вярнуцца да прастаты і энтузіязму Кнігі Дзеяў Апосталаў, і тады каталіцкія камунікатары і журналісты, усе людзі добрай волі, якія займаюцца справай камунікацыі, "могуць стаць героямі новага гуманізму, увасобленага ў актыўных супольнасцях, стаць прыкладам новай ідэі грамадзянскасці".

У цэнтры Сусветнага кангрэса SIGNIS сёлета – разважанні аб сучасных СМІ, уключаючы сацыяльныя сеткі: гэтай тэме прысвечаны шматлікія публічныя і віртуальныя канферэнцыі.

У спецыяльным пасланні да ўдзельнікаў міжнароднага форума, Францішак падкрэсліў, што “выкарыстанне лічбавых сродкаў масавай інфармацыі, асабліва сацыяльных сетак, узняло шэраг сур'ёзных этычных пытанняў, якія патрабуюць мудрага і праніклівага меркавання з боку камунікатараў і ўсіх, хто занепакоены сапраўднасцю і якасцю чалавечых адносін”, вэб-прастора “становіцца месцам таксічнасці, мовы нянавісці і фальшывых навін”. Папа перакананы, што менавіта SIGNIS можа адыграць важную ролю ў вырашэнні гэтай праблемы з дапамогай медыяадукацыі, каталіцкіх медыясетак і супрацьдзеяння хлусні і дэзінфармацыі.

Мэта дзейнасці Сусветнай асацыяцыі хрысціянскіх сродкаў масавай інфармацыі SIGNIS – падтрымка і развіццё хрысціянскага кінематографа, тэлебачання, інтэрнэта і іншых СМІ ва ўсім свеце, абарона хрысціянскіх каштоўнасцей у культуры, развіццё сеткі новых камунікацый і міжнароднае міжканфесійнае супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Асацыяцыя аб’ядноўвае прафесіяналаў у галіне тэлебачання, радыё, кіно, інтэрнэта і новых тэхналогій больш чым са 140 краін свету. Яна была створана ў лістападзе 2001 года ў выніку з’яднання дзвюх каталіцкіх медыя-арганізацый – UNDA (радыё і тэлебачанне) і OCIC (кінематограф), заснаваных у 1928 годзе. SIGNIS з’яўляецца самай старэйшай і адзінай у свеце арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ўсе хрысціянскія медыя-рэсурсы.
 

16 жніўня 2022, 11:55