Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Кох пракаментаваў адносіны з Маскоўскім Патрыярхатам

Кардынал Курт Кох не ведае, ці падчас візіту Папы ў Казахстан ён сустрэнецца з Патрыярхам Маскоўскім. Аднак іерарх думае, што мела б сэнс “выпрацаваць ясную агульную пазіцыю, каб гэтая бессэнсоўная і жорсткая вайна нарэшце скончылася”.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ўзначаліць дэлегацыю Святога Пасаду на 11-й Пленарнай асамблеі Сусветнай рады Цэркваў (WCC), якая будзе праходзіць у нямецкім Карлсруэ з 31 жніўня па 8 верасня 2022 года.

У інтэрв'ю агенцтву KNA ён паведаміў, што на дадзены момант Каталіцкі Касцёл не вядзе ніякага тэалагічнага дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой. “Праваслаўныя Цэрквы вырашылі, што тэалагічны дыялог паміж імі і Каталіцкім Касцёлам будзе толькі шматбаковым, а не двухбаковым. Маскоўскі Патрыярхат больш ня ўдзельнічае ў гэтым міжнародным дыялогу, бо Патрыярх Барталамей I абвясціў аўтакефалію, царкоўную незалежнасць Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Гэта датычыцца і нашай камісіі”, - патлумачыў Кох, маючы на ўвазе Змяшаную міжнародную камісію па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

Пры гэтым, кардынал-прэфект падкрэсліў, што паміж Святым Пасадам і Рускай Праваслаўнай Царквой існуюць двухбаковыя адносіны ў іншых сферах, “як і з іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі”. “Зараз яны заплямлены пазіцыяй Патрыярха Кірыла адносна вайны ва Украіне. Пазыцыі вельмі розныя, таму што Каталіцкаму Касцёлу цалкам ясна, што вайна ніколі не з’яўляецца выхадам. Вайна стварае яшчэ большыя праблемы, звязаныя з вялікай колькасцю ахвяр, шматлікімі бежанцамі, наступствамі для навакольнага асяроддзя і голадам у свеце. Таму пазіцыя Апостальскай Сталіцы ясная: вайна – гэта ілжывы шлях. А Патрыярх Кірыл упэўнены, што гэта шлях правільны. Адрозненні проста велізарныя. Аднак, калі мы хочам шукаць шляхі далейшага паразумення, мы павінны заставацца ў дыялогу”, - растлумачыў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
 

16 жніўня 2022, 13:28