Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Палья: усё, што знішчае індывідуалізм, на вагу золата

Мы павінны выбраць братэрства як лад жыцця, як прыклад для пераймання, які трэба памножыць на сотні і тысячы, - так старшыня Папскай акадэміі жыцця адрэагаваў на ініцыятыву, рэалізаваную ў Італіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Італьянскія Цэнтры грамадскага аховы здароўя і каталіцкая супольнасць святога Эгідзія падпісалі пагадненне аб дапамозе абяздоленым: пажылым, бяздомным, інвалідам і мігрантам. Ініцыятыва з'яўляецца вынікам плённага супрацоўніцтва медыцынскіх работнікаў і валанцёраў падчас пандэміі, што дазволіла правесці эфектыўную кампанію па вакцынацыі людзей, якія па розных прычынах засталіся на ўзбочыне грамадства.

“Гэта яшчэ адзін крок да стварэння больш прыязнай службы аховы здароўя, якая памятае і пра самых малых гэтага свету”, - лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Асноўная мэта пагаднення – пабудаваць сетку, якая дазволіць прасцей і хутчэй несці дапамогу самым уразлівым людзям. Гэта павінна адбывацца шляхам супрацоўніцтва з структурамі, якія штодзённа клапоцяцца пра бяздомных, састарэлых і самотных.

“Пандэмія паказала, што здароўе не заўсёды залежыць ад чалавека, яно можа залежаць ад стаўлення ўсяго грамадства, і гэта вялікі ўрок. Папа Францішак нагадвае нам, што не вынесці ўрокаў з пандэміі, гэта горшае за саму пандэмію. Пагадненне з'яўляецца знакам разрыву шалёнай абыякавасці вакол нас. Мы павінны выбраць братэрства як лад жыцця, як прыклад для пераймання, які трэба памножыць на сотні і тысячы”, - звярнуў увагу старшыня Папскай акадэміі.

Іерарх лічыць, што ў наш час, пазначаны не толькі пандэміяй, але і шматлікімі войнамі, “усё, што разбурае індывідуалізм, на вагу золата”, бо “індывідуалізм разбурае цэлыя грамадствы, ён забівае нашу чалавечую ідэнтычнасць”.
 

08 жніўня 2022, 08:53