Пошук

Папа падчас пахавання кардынала Томка Папа падчас пахавання кардынала Томка 

Францішак памаліўся за спачылага кардынала Томка

Папа ўзначаліў абрад апошняга развітання са славацкім кардыналам Юзафам Томкам на заканчэнне пахавальнай святой Імшы, якая 11 жніўня 2022 года прайшла ў ватыканскай базыліцы святога Пятра.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Эўхарыстыю цэлебраваў кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў, які ў гаміліі нагадаў, што спачылы іерарх быў найстарэйшым сярод кардыналаў. Усё сваё доўгае жыццё кардынал Томка прысвяціў служэнню Богу і братам, а шматлікія прызначэнні ў Рымскай курыі ён заўсёды ўспрымаў як “пакліканне да служэння”, - дадаў ён.

Успамінаючы пра жыццёвы і святарскі шлях памерлага іерарха, які быў пазначаны моцным місійным і апостальскім запалам, кардынал Рэ, звярнуў асаблівую ўвагу на перыяд яго служэння на пасадзе прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, пазначаны адкрытасцю на народы, іх культуры і сэнс паўсюднасці.

“У духоўным запавеце, складзеным 26 лютага 2007 года, кардынал Томка сцвярджаў, што служэнне, якое ён выконваў на пасадзе прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, “захапіла яго сэрца”, і дадаваў: “Я разумеў гэта служэнне як уклад у будаўніцтва і развіццё містычнага цела Касцёла і палюбіў маладыя місійныя Касцёлы ва ўсёй іх прыгажосці і крохкасці: цэлебрацыі, біскупаў і місіянераў, семінарыстаў, законніц, часта бедны народ. Было прыемна працаваць і пакутаваць за гэты жывы місійны Касцёл!”, - нагадаў словы спачылага іерарха кардынал Джавані Батыста Рэ.

“Даверым Богу ў малітве гэтага нашага сабрата, каб у бязмежнасці Сваёй любові адарыў яго радасцю і супакоем, здабытымі ў яго верным і шчырым служэнні Касцёлу, Папу і Апостальскай Сталіцы”, - сказаў ён, заклікаючы чэрпаць натхненне са сведчання, якое даў кардынал Томка.

Кардынал Юзаф Томка адышоў у вечнасць раніцай 8 жніўня 2022 года ў 98-гадовым узросце. Некалькі тыдняў таму падчас лячэння траўмы пазваночніка ён перанёс інфекцыю COVID-19. Паводле апошняга жадання, славацкі іерарх будзе пахаваны ў Кошыцах, у катэдры святой Альжбеты. Пахальную літургію 16 жніўня ўзначаліць кардынал Дамінік Дука, арцыбіскуп-эмерыт Пражскі.
 

11 жніўня 2022, 11:55