Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер на канферэнцыі МАГАТЭ ў Вене Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер на канферэнцыі МАГАТЭ ў Вене 

Арцыбіскуп Галахер у МАГАТЭ: свет без ядзернай зброі магчымы

Ядзерная зброя стварае памылковае пачуццё бяспекі і не можа быць у аснове мірнага суіснавання, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў на 66-й Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), якая з 26 па 30 верасня 2022 года праходзіць у Вене. Ён заўважыў, што пасярод жудасных канфліктаў і беспарадкаў, “сведкамі якіх мы з’яўляемся ў многіх частках свету, перад абліччам няспыннай эскалацыі вайны ва Украіне, якую суправаджаюць словы і дзеянні, што пагражаюць знікненнем прасторы для дыпламатычнага рашэння, мы ніколі не павінны пакідаць пошук дыялогу”.

Ад імя Апостальскай Сталіца іерарх заклікаў усе краіны да супольных намаганняў на карысць культуры клопату, у цэнтры якой знаходзіцца жыццё і годнасць чалавека, а таксама нагадаў словы Францішка: “Тыя, хто вядзе вайну, забываюць пра чалавечнасць”.

Арцыбіскуп сцвердзіў, што ядзерныя ўзбраенні “знаходзяцца на службе менталітэту страху, ахвярамі якога становяцца не толькі бакі канфлікту, але ўсё чалавецтва”. Ён пажадаў, каб міжнародныя адносіны не былі “нявольнікамі ваенных сіл, узаемнага запалохвання і дэманстрацыі запасаў зброі”, а таксама адзначыў, што “ўсе віды зброі масавага знішчэння ствараюць выключна памылковае пачуццё бяспекі” і не могуць знаходзіцца ў “аснове мірнага суіснавання паміж членамі чалавечай сям’і”.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра падтрымку Святым Пасадам імкнення да свету без ядзернай зброі, які з’яўляецца неабходным і магчымым, а таксама высока ацаніў уклад МАГАТЭ ў прасоўванне інтэгральнага развіцця. Ён заклікаў з рашучасцю працягваць працэс раззбраення і садзейнічаць мірнаму выкарыстанню атамнай энергіі – у сферы аховы здароўя, у прыватнасці для лячэння анкалагічных захворванняў, у вытворчасці прадуктаў харчавання, кантролі за воднымі рэсурсамі, маніторынгу забруджвання навакольнага асяроддзя і многіх іншых сектарах.

“Святы Пасад прызнае важны ўклад МАГАТЭ ў спрыянне рэалізацыі свету, свабоднага ад ядзерных узбраенняў”, - дадаў прадстаўнік дыпламатыі Апостальскай Сталіцы, адзначаючы таксама важнасць аднаўлення перамоў з Паўночнай Карэяй адносна ядзернай праграмы, якая пагражае цэласнасці рэжыму нераспаўсюджвання.
 

27 верасня 2022, 11:56