Пошук

Удзельніцы сустрэчы Эканоміка Францішка Удзельніцы сустрэчы Эканоміка Францішка 

Кардынал Чэрны пра Эканоміку Францішка: гэта новы пачатак

Пасля завяршэння сустрэчы Эканоміка Францішка для моладзі надышоў момант падзяліцца сваім вопытам з мясцовымі Касцёламі і дапамагчы ім суправаджаць народ Божы, - адзначыў кардынал Майкл Чэрны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Форум у Асізі, які праходзіў на мінулых выхадных, сабраў каля тысячы чалавек з усяго свету. На працягу трох дзён маладыя людзі чыталі лекцыі, дыскутавалі і сумесна выпрацоўвалі кірункі далейшага супрацоўніцтва. Усё гэта для пабудовы “евангельскай эканомікі”, якая паважае людзей і прыроду. “Гэта адзіная рэальная перспектыва”, - лічыць ватыканскі іерарх.

“Я цвёрда перакананы, што гэтая сустрэча – не канец, а, наадварот, новы пачатак. Вельмі важна, што маладыя людзі прыехалі сюды не толькі са сваімі клопатамі і пытаннямі, але і з вопытам трохгадовага супрацоўніцтва паміж сабой. Мы бачым выдатную пераемнасць у гэтым працэсе. Моладзь хоча змяніць функцыянаванне эканомікі, бо гэта для нас адзіная рэальная перспектыва”, - пракаментаваў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Ён заўважыў, што сёння чамусьці лічыцца, што працаваць на сябе – нармальна, а працаваць на агульнае дабро – утопія. Між тым павінна быць зусім наадварот. “Нам патрэбны радыкальныя змены; да гэтага заклікае Папа”, - падкрэсліў адзін з галоўных ініцыятараў праекта.
 

27 верасня 2022, 11:05