Пошук

 Кардынал Конрад Краеўскі падчас місіі ва Украіне Кардынал Конрад Краеўскі падчас місіі ва Украіне 

Кардынал Краеўскі распавёў Папу пра пакуты ўкраінцаў

“Я паехаў у Ізюм і ўдзельнічаў у эксгумацыі мноства ўкраінцаў, пахаваных без ніякай пашаны. Іх проста кінулі ў зямлю”, - адзначыў кардынал Конрад Краеўскі пасля свайго падарожжа ва Украіну.

Ян Глінскі

Аб гэтым іерарх распавёў Францішку. “У размове са Святым Айцом я згадаў жудасныя сцэны, сведкам якіх я стаў падчас гэтага візіту, але таксама я казаў пра вялікую надзею і веру украінцаў”, - адзначыў ён у размове з Vatican News. Па даручэнні Пантыфіка прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні здзейсніў ужо чатыры візіты ва Украіну за час вайны.

“Я сустрэўся з Папам, каб яшчэ раз прыгадаць і паўтарыць увесь шлях, які я прайшоў ва Украіне: пачынаючы ад Адэсы, праз Запарожжа, да Харкава. Гэта былі асаблівыя моманты. У Запарожжы, калі мы паехалі на лінію фронту, дзе засталося звыш 4 тысяч людзей, разам з каталіцкім і пратэстанцкім біскупамі мы раздавалі ежу сапраўды спакутаваным людзям: больш за дзвесце дзён без электрычнасці, без газу, без сродкаў для жыцця. Яны трымаюцца толькі на тым, што ім прывязуць валанцёры два разы на тыдзень, якія рызыкуюць пры гэтым сваім жыццём, бо там лінія фронту, і там нікога не шкадуюць. Ніводны дыпламатычны пашпарт там не функцыянуе”, - падзяліўся кардынал Краеўскі.

“Я прыгадаў таксама Святому Айцу пра візіт у Харкаў, адкуль паехаў у Ізюм і дзе браў удзел у эксгумацыі мноства ўкраінцаў. Апавядаў яму таксама пра вялікую веру і павагу маладых людзей, якія здзяйснялі эксгумацыю”, - дадаў ён.

Прэфект дыкастэрыі падзяліўся з Пантыфікам і станоўчымі эмоцыямі ад свайго візіту. Яны былі звязаны з людзьмі Касцёла – рыма-католікамі, грэка-католікамі і праваслаўнымі, – якія засталіся ва Украіне, каб быць сярод патрабуючых. “Яны жывуць чыстым Евангеллем, маюць вялікую хрысціянскую надзею і зло перамагаюць дабром”, - сцвердзіў ён.

Па словах кардынала Краеўскага, Папу вельмі кранула пачутае. Ён быў уражаны стаўленнем хрысціянскіх біскупаў, святароў і прадстаўніц манаскіх супольнасцей, якія не пакінулі вернікаў, засталіся на месцы і там нясуць надзею іншым.

“Украіна вельмі блізкая яму. На заканчэнне ён сказаў: “дарагая Украіна, дарагая Украіна”, - падзяліўся прэфект дыкастэрыі.
 

30 верасня 2022, 10:32