Пошук

Кардынал Курх Кох Кардынал Курх Кох  

Ватыканскі кардынал: нельга адмаўляцца ад дыялогу з РПЦ

Нельга адмаўляцца ад дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой. Такую думку выказаў кардынал Курх Кох 14 верасня 2022 года ў кулуарах VII З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій у сталіцы Казахстана.

Ян Глінскі

Адказваючы на пытанне аўстрыйскага каталіцкага агенцтва Kathpress, старшыня ватыканскай Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству сцвердзіў, што падтрымлівае агульную пазіцыю Святога Пасаду адносна дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой.

“Нягледзячы на ўсе цяжкасці, нельга адмаўляцца ад дыялогу. У адваротным выпадку ўжо ўвогуле не будзе магчымасці, каб размаўляць і шукаць выйсця ў гэтай цяжкай, заблытанай сітуацыі. Невядома пакуль, як гэты дыялог можна зараз весці”, - адзначыў іерарх.

Кардынал Кох звярнуў увагу на тое, што Патрыярх Маскоўскі Кірыл у сваім пасланні да ўдзельнікаў кангрэсу, зачытаным у сталіцы Казахстана прадстаўнікамі праваслаўнай дэлегацыі з Расіі, выразна ўказаў на сваю зацікаўленасць у “міжрэлігійным дыялогу”.

“Аднак я не пачуў адказу ў гэтай канкрэтнай сітуацыі. І менавіта гэтага я чакаю. Гэта штосьці, што патрабуе інтэнсіўнай дыскусіі”, - сказаў ён, спасылаючыся на скаргу Кірыла на “перайначванне гістарычных падзей”.

Ватыканскі іерарх таксама звярнуў увагу на сваё разуменне праваслаўнай традыцыяй дзяржаўна-рэлігійных адносін. “На Захадзе мы старанна вучыліся на працягу стагоддзяў, што адэкватныя адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай – гэта адасабленне і адначасова супрацоўніцтва”, - нагадаў кардынал. Ён з задавальненнем прыняў заўвагу Маскоўскага Патрыярха аб адасабленні рэлігіі і палітыкі. “Але трэба таксама высветліць, што гэта дакладна азначае для Рускай Праваслаўнай Царквы”, - дадаў Кох.

На VII З’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, у якім сёлета ўдзельнічаў Папа Францішак, прыехала каля 100 дэлегацый з 50 краін. Раніцай 14 верасня 2022 года Пантыфік адкрыў сустрэчу прамовай, у якой перасцярог, каб рэлігіі ніколі не станавіліся на службе сусветнай уладзе і ніколі не заклікалі да насілля.
 

19 верасня 2022, 11:24