Святы Пасад абвясціў конкурс на гімн Юбілею 2025 года
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арганізатары падзеі абвясцілі міжнародны конкурс на стварэнне музычнай кампазіцыі, якая “павінна выражаць самабытнасць юбілейнага мерапрыемства”. Натхненнем да стварэння музыкі для кампазітараў з усяго свету стане дэвіз Юбілею, абраны Францішкам, Пілігрымы надзеі. Прычым, тэкст на італьянскай мове ўжо існуе, яго напісаў П'еранджэла Сэквэры.
Ёсць умова для канкурсантаў: музыка павінна мець выразны літургічны характар, з магчымасцю выканання касцёльнымі калектывамі падчас набажэнстваў.
Удзел у конкурсе бясплатны і адкрыты для ўсіх. З тэкстам і рэгламентам можна пазнаёміцца на афіцыйнай старонцы Юбілею. Музыку можна будзе прадставіць з 16 студзеня 2023 года. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 25 сакавіка 2023 года. Рашэнне па вызначэнні гімну Юбілею 2025 года прыме журы, якое будзе прызначана пазней.
Раней быў абвешчаны конкурс на лагатып юбілейнай падзеі. Яго выйграў 50-гадовы італьянскі графік Джакама Травізані. На ім – чатыры рознакаляровыя фігуры, якія з’яўляюцца сімвалам народаў з чатырох бакоў свету, што ідуць сярод хваль і трымаюцца за крыж-якар.