Бэнэдыкт XVI: былі сумневы, але Сабор аказаўся неабходным
Марыя Валодзіна – Vatican News
У сваім лісце Бэнэдыкт XVI згадаў 1960-я гады і звярнуў увагу на сумневы, здзіўленне і перш за ўсё страх таго, што Другі Ватыканскі Сабор можа патрэсці Касцёл да асноў. Насамрэч, асамблея стала не толькі “значнай”, але і “неабходнай”.
“Упершыню, – напісаў Папа-эмерыт, – пытанне аб тэалогіі рэлігій паўстала ў яго радыкальнасці. Тое ж самае тычыцца і адносін паміж верай і розумам”. Між тым паступова стала відавочнай неабходнасць пераасэнсавання пытання аб прыродзе і місіі Касцёла. Такім чынам, пачало выяўляцца пазітыўнае значэнне Сабора.
Бэнэдыкт XVI згадаў, як яго эклезіялагічная праца была звязана з “новай сітуацыяй”, якая склалася ў Германіі пасля Першай сусветнай вайны. “Калі да гэтага часу эклезіялогія разглядалася па сутнасці ў інстытуцыйных тэрмінах, то зараз з радасцю ўспрымалася больш шырокае духоўнае вымярэнне Касцёла”.
“На Другім Ватыканскім Саборы праблема Касцёла ў свеце, нарэшце, стала сапраўды цэнтральнай”, – напісаў Папа-эмерыт у апошніх радках свайго ліста. Ён выказаў пажаданне, каб тэалагічныя даследаванні заставаліся “карыснымі ў барацьбе за справядлівае разуменне Касцёла і свету ў наш час”.