Другі Ватыканскі Сабор: шлях, які працягваецца
Марыя Валодзіна – Vatican News
Андрэа Тарніелі заўважыў, што мінула 60 гадоў з таго дня, як Ян XXIII адкрыў Сабор, звяртаючыся з 37-хвіліннай прамовай да 2449 біскупаў і вялікай колькасці людзей, якія сабраліся на ватыканскай плошчы святога Пятра. Але яму “не было наканавана завесці ў порт лодку, якая ў той дзень выправілася ў плаванне”, - нагадаў эксперт.
На думку Тарніелі, толькі Ян ХХІІІ, з яго ўменнем заўважаць пазітыўныя знакі часу, мог прыняць рашэнне, на якое на вырашаліся яго папярэднікі, толькі ён мог адкрыць Сабор, і толькі яго пераемнік Павел VI змог давесці справу Другога Ватыканскага Сабора да канца, здолеўшы цудам дасягнуць амаль адзінадушнага галасавання па дакументах. У наступным дзесяцігоддзі Паўлу VI спатрэбілася шмат цярпення, каб утрымаць штурвал “лодкі Пятра” і не перакуліцца на скалах унутраных супярэчнасцяў і падзелаў, - нагадаў галоўны рэдактар ватыканскіх медыя.
Паводле эксперта, шлях Другога Ватыканскага Сабора яшчэ не завершаны, а Францішак ідзе ім, калі нагадвае, што адзіная мэта, дзеля якой існуе Касцёл, гэта абвяшчэнне Евангелля сучаснікам.
Служэнне Францішка можна падагульніць словамі, агучанымі Янам XXIII яшчэ 60 гадоў таму: даваць сведчанне пра Касцёл, як пра Маці, якая любіць усіх, якая добразычлівая, цярплівая, поўная міласэрнасці, здольная да блізкасці і пяшчоты, здольная суправаджаць таго, хто ў цемры і галечы. Касцёл, які не замыкаецца ў сабе і не шукае свецкай улады ці медыйнай значнасці, але пакорліва стаіць за Панам, давяраючы толькі Яму, - завяршыў сваё разважанне Андрэа Тарніелі.