Дзяржсакратар: мір будуецца на праве і справядлівасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму выданню Famiglia Cristiana Дзяржсакратар Яго Святасці Папы выказаў перакананасць у тым, што “выключна “схемы міру” могуць гарантаваць будучыню чалавецтву”. “Калі пераважаць частковыя інтарэсы, насілле, злоўжыванне ўладай, эканамічная і ідэалагічная каланізацыя, закон больш моцнага, гэта значыць “схемы вайны”, тады нам наканавана застацца без будучыні”, - сказаў ён.
Кардынал Паралін падкрэсліў, што мір будуецца на праве і справядлівасці. “Не існуе міру без справядлівасці, але не бывае справядлівасці без прабачэння”, - сказаў ён, цытуючы святога Яна Паўла ІІ, і дадаючы, што прабачэнне вымагае навяртання, гэта значыць змены падыходу, што выражаецца ва ўчынках. “Я не магу сказаць, які мір магчымы. Ведаю толькі, што без канкрэтных крокаў з боку ўсіх мы рызыкуем трапіць у незваротную спіраль, якая будзе мець катастрафічныя наступствы”, - дадаў іерарх.
“Спыненне агню, спыненне грукату зброі, бамбардзіровак і разбурэнняў з’яўляецца першым неабходным крокам”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы, адзначаючы таксама патрэбу ў жэстах, не звязаных з пагрозамі, але даверам і добрай воляй, якія ствараюць перадумовы для дыялогу і адкрываюць шлях для перамоваў. “Пра гэта Папа казаў выразна. На жаль, мы ўжо амаль прызвычаіліся да навін пра вайну”, - канстатаваў ён, выказваючы пажаданне на тое, што словы Святога Айца будуць пачуты.
Кардынал Паралін заклікаў таксама не забываць пра іншыя трагедыі вайны, пра Сірыю, Емен, Эфіопію, пра рост напружанасці на Далёкім Усходзе. “Нават калі некаторыя канфлікты менш вядомыя, не бывае вайны менш балючай за іншыя, не бывае жыццяў, якія маюць меншую каштоўнасць”, - сцвердзіў ён.
Гаворачы пра перспектыву сустрэчы Папы з Патрыярхам Маскоўскім, Дзяржсакратар сказаў, што нягледзячы на цяжкасці і непаразуменні “дзверы застаюцца адчыненымі і дыялог не перапыняецца”. “З боку Апостальскай Сталіцы жаданне гэтага ніколі не знікала, хоць абставіны перашкаджалі яго рэалізацыі. Нам здаецца, што і ў праваслаўнага боку такое жаданне ёсць”, - падкрэсліў кардынал Паралін.