Галахер: Папа жадаў бы наведаць Паўночную Карэю
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Сёння патрэбна тэрмінова прасоўваць сапраўдную культуру міру, заснаваную на спрыянні дыялогу і выкананні міжнароднага права, якая забяспечвала бы мірнае суіснаванне народаў”, - заявіў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, выступаючы на прыёме з нагоды нацыянальнага свята Рэспублікі Карэя. Ён падкрэсліў, што вайну трэба лічыць “неадэкватнай прыладай для ўрэгулявання міжнародных канфліктаў, бо яна не вартая чалавечай асобы і яе паклікання да міра”.
Іерарх згадаў што кульмінацыяй дыпламатычных стасункаў, усталяваных у 1963 годзе паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Карэя, стаў візіт Папы ў Паўднёвую Карэю ў 2014 годзе, а таксама візіты прэзідэнта Муна ў Ватыкан у 2018 і 2021 гадах. Ён выказаў падзяку дзяржаве за павагу да Каталіцкага Касцёла і яго ролі ў карэйскім грамадстве, асабліва ў адукацыйнай і сацыяльнай сферы.
Ватыканскі дыпламат таксама запэўніў, што Святы Пасад “суправаджае карэйскі народ на шляху да міру і развіцця, падтрымлівае Карэю ў яе глыбокіх памкненнях да прымірэння і росквіту ўсяго Карэйскай паўвострава”. “Вядома, што Святы Айцец адчувае адметную цікавасць і прыхільнасць да карэйскага народа”, - адзначыў іерарх і запэўніў у жаданні Францішка наведаць Паўночную Карэю, “калі б было атрымана афіцыйнае запрашэнне ад уладаў”.