Святы Пасад індуістам: разам спрыяць міру і ўзаемаадказнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дакумент, падпісаны прэфектам Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардыналам Мігелем Анхелем Аюса Гішотам, быў абнародаваны 17 кастрычніка 2022 года. У ім адзначаецца, што мірнае суіснаванне будуецца штодзённа праз асабістыя сустрэчы і дыялог, узаемную ўвагу і разуменне, цярплівасць і пастаянства, з перакананнем, што “жыццё існуе там, дзе ёсць сувязь, адзінства, братэрства”.
Спрыянне мірнаму суіснаванню прадугледжвае таксама адказнасць за стварэнне і агульнае дабро, умацаванне сяброўства і павагу да трансцэндэнтнай годнасці кожнага чалавека і яго правоў. “На шляху да мірнага суіснавання мы павінны адказаць на шматлікія праблемы, выкліканыя абыякавасцю і індывідуалізмам, якія пануюць у нашым сучасным грамадстве, а, як вернікі, мы не павінны паддавацца песімізму, але быць з’яднанымі і сваімі дзеяннямі даваць прыклад іншым”, - гаворыцца ў пасланні.
Святы Пасад нагадаў, што рэлігійныя лідары і аб’яднанні павінны прасоўваць каштоўнасці мірнага суіснавання і сумеснай адказнасці ўсімі сродкамі, якія маюць у распараджэнні, а таксама адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялогу для таго, каб падштурхнуць людзей розных рэлігійных традыцый жыць каштоўнасцямі братэрства, адзінства і салідарнасці дзеля агульнага дабра.
Напрыканцы звароту гучыць заклік да хрысціян і індуістаў аб’яднаць намаганні з вызнаўцамі іншых рэлігійных традыцый і ўсімі людзьмі добрай волі, каб спрыяць, на асабістым і калектыўным узроўнях, духу мірнага суіснавання і сумеснай адказнасці для ператварэння гэтага свету ў дом, бяспечны для ўсіх, каб у ім можна было радасна жыць у міры.
Дзіпавалі – галоўнае індуісцкае свята. Сёлета яна будзе адзначацца 24 кастрычніка. Апостальская Сталіца скіроўвае віншавальнае пасланне вызнаўцам гэтай рэлігій кожны год, прысвячаючы яго актуальным выклікам, вырашэнне якіх можа аб’яднаць вернікаў.