Пошук

Святая Імша з нагоды Дня незалежнасці Іспаніі Святая Імша з нагоды Дня незалежнасці Іспаніі 

Кардынал Паралін: свету патрэбна надзея

12 кастрычніка 2022 года кардынал П'етра Паралін узначаліў святую Iмшу з нагоды Дня незалежнасці Іспаніі. Сёлета ён супаў з 400-годдзем адкрыцця пасольства Іспаніі пры Святым Пасадзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі Дзяржсакратар Яго Святасці Папы адзначыў, што пандэмія, вайна ва Украіне і іншыя канфлікты, а таксама многія сур'ёзныя праблемы, з якімі сутыкаецца чалавецтва, такія як змена клімату і ядзерная эскалацыя, напаўняюць нас страхамі і трывогамі, перашкаджаюць спакойна глядзець у будучыню. Таму “нам патрэбна вялікая надзея”, - падкрэсліў ён.

Іерарх узнёс падзяку Богу “за прысутнасць Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі Іспаніі” ад самага пачатку евангелізацыі краіны апосталам Якубам. Згодна з традыцыяй, сутыкнуўшыся з вялікімі цяжкасцямі, Якуб папрасіў знак з неба. Менавіта тады Панна Марыя паўстала перад ім на мармуровай калоне. Яна папрасіла апостала пабудаваць на тым месцы касцёл і паабяцала сваё заступніцтва ўсім, хто будзе маліцца аб ім. Многія пакаленні іспанцаў у мінулым і сёння прасілі аб гэтым заступніцтве, аб умацаванні веры, надзеі і міласэрнасці, - заўважыў кардынал, параўноўваючы гэтых людзей з сапраўднымі “калонамі”, на якіх трымаецца грамадства.

Дзяржсакратар адзначыў, што сёння Іспанія, як і ўсе еўрапейскія краіны, мае разнастайнаю рэчаіснасць, у якой многія больш не вызнаюць хрысціянства. Калі з аднаго боку гэта засмучае, з іншага, заахвочвае нас быць пераканаўчымі сведкамі веры, таму што мы жадаем, каб усе спазналі радасць Евангелля, - сказаў кардынал Паралін, заклікаючы маліцца за Іспанію і за ўсіх жыхароў гэтай краіны.

13 кастрычніка 2022, 10:53