Пошук

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья 

Прадстаўнік Святога Пасаду на саміце інавацый у сферы медыцыны

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі навук, прыняў удзел у дзвюх сустрэчах у рамках Сусветнага саміту інавацый у галіне аховы здароўя (WISH).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Форум прайшоў 4-6 кастрычніка 2022 года ў горадзе Доха ў Катары. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы браў у ім удзел па запрашэнні арганізатараў, а першая сустрэча, на якой ён выступіў, была прысвечана мусульманскай этыцы і штучнаму інтэлекту.

Арцыбіскуп Палья заўважыў, што сістэмы штучнага інтэлекту могуць быць надзвычайна карыснымі ў сферы аховы здароўя. У той жа час ён падкрэсліў два важныя аспекты. Першы датычыць справядлівасці: выгоды, якія даюць сучасныя тэхналогіі, павінны быць даступнымі ўсім, а не толькі багатым.

Другі аспект датычыць антрапалагічнага парадку. “Сучасная гіпертэхналагічная медыцына ўсё больш і больш пагражае стварэннем дыстанцыі паміж медыкам і пацыентам”, - сказаў ён, адзначаючы важнасць прамых адносін, чаму аддаваў перавагу Езус Хрыстус, вяртаючы здароўе людзям. “Аздараўленне – гэта чалавечая справа, яно нараджаецца з сустрэчы паміж людзьмі і не можа зводзіцца да выкарыстання тэхналогій”, - дадаў арцыбіскуп Палья.

Другая сустрэча, у якой браў удзел старшыня Папскай акадэміі навук, была прысвечана тэме здароўя непаўналетніх у эпоху генетычных даследаванняў. Іерарх заўважыў, што “ў хрысціянскай перспектыве прырода даверана чалавеку, які свабодны ўмешвацца, але згодна з крытэрыямі, што паважаюць годнасць асобы і права на жыццё, у духу логікі прыняцця і клопату”.
 

04 кастрычніка 2022, 12:41