Францішак заклікае палітычных лідараў да адказнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Андрэа Тарніелі, у сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News, заўважыў, што такое здаралася толькі аднойчы – у першыя месяцы пантыфікату Францішка, у сувязі з вайной у Сірыі. “Аднак гэтыя дзве сітуацыі непараўнальныя, і сённяшняя выглядае больш пагрозлівай з-за магчымых катастрафічных наступстваў”, - дадаў ён.
Эксперт адзначыў, што заклік Пантыфік да Прэзідэнта Расіі, каб “у тым ліку ў імя любові да свайго народа”, спыніў спіраль гвалту, распачатую ім, а затым да Прэзідэнта Украіны, каб не зачыняў дзверы “для сур’ёзных прапаноў міру”, суправаджаліся таксама рашучым і заклапочаным заклікам да ўсіх палітычных лідараў зрабіць усё магчымае, каб спыніць гэту вайну, якая разгарэлася ў цэнтры хрысціянскай Еўропы, і не ўцягвацца ў небяспечную эскалацыю.
Тарніелі падкрэсліў, што цяжкія словы Святога Айца нагадваюць, што таксама і іншыя павінны з настойлівасцю прасіць аб спыненні агню і прасоўваць ініцыятывы дыялогу, каб дапамагчы перамозе таго, што папа Францішак называе “схемамі міру”, замест далейшага ўжывання “схемаў вайны” з хуткім пераўзбраеннем, якое разбівае надзею на “экалагічны пераход” і міжнародны парадак, не заснаваны на праве больш моцнага і старых ваенных саюзах.
Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ лічыць, што ад самага пачатку нападу Расіі на Украіну не хапае “дыпламатычнай крэатыўнасці і адвагі, каб зрабіць стаўку на мір”, кіруючыся думкамі пра будучыню Еўропы і свету. Ён нагадаў пра заклікі вярнуцца да “духу Хельсінкі”, якія на працягу апошніх месяцаў скіроўвалі Прэзідэнт Італіі Сэрджа Матарэла, кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін і Святы Айцец Францішак, просячы пазбегнуць умацавання блокаў, якія знаходзяцца ў супрацьстаянні адзін аднаму.
“Заклік Наступніка святога Пятра перад малітвай Анёл Панскі ў нядзелю 2 кастрычніка з’яўляецца надзвычайным заклікам да адказнасці, скіраваным да ўсіх, каб агульныя інтарэсы чалавецтва пераважылі над вузкімі інтарэсамі вялікіх дзяржаў. Час у нас яшчэ ёсць”, - завяршыў сваё разважанне Андрэа Тарніелі.