Святы Пасад у ААН: трэба змяніць сучасныя мадэлі спажывання
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН адзначыў, што Папа Францішак неаднаразова асуджаў наступствы змены клімату і дэградацыі навакольнага асяроддзя, а таксама падкрэсліваў відавочную сувязь паміж міграцыяй і экалагічнай нестабільнасцю, адсутнасцю харчовай бяспекі. Кліматычны крызіс мае чалавечы твар: яго разбуральныя наступствы ўжо сталі рэальнасцю для мільёнаў людзей ва ўсім свеце. За лічбамі стаяць асобы, часта вымушаныя прымаць жыццёва важныя рашэнні. Бедныя і ўразлівыя групы насельніцтва непрапарцыйна моцна пакутуюць ад экалагічных крызісаў.
Улічваючы, што большая частка беднага насельніцтва жыве ў сельскай мясцовасці, абмеркаванне праблемы беднасці, выкліканай змяненнем клімату і адсутнасці харчовай бяспекі, не можа ігнараваць цэнтральную ролю сельскай гаспадаркі, – адзначыў ватыканскі дыпламат. Ён падкрэсліў неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне ўстойлівага развіцця сельскай гаспадаркі і рыбалоўства, што дазволіць знізіць рызыкі экалагічнай дэградацыі і страты біяразнастайнасці.
Гэтыя пытанні носяць не проста палітычны ці эканамічны характар, гаворка ідзе пра справядлівасць. Гэта маральнае абавязацельства перад будучымі пакаленнямі. Калі мы не будзем кіравацца этычнымі меркаваннямі, мы застанёмся з сістэмай, у якой адны будуць заклапочаны толькі фінансавай выгадай, а іншыя – утрыманнем ці ўмацаваннем улады, - звярнуў увагу кіраўнік місіі Святога Пасада.
Нашу планету, наш цудоўны агульны дом, нельга разглядаць як нешта асобнае ад нас саміх або проста як месца, дзе мы жывём. У сваёй энцыкліцы Laudato Sì Папа заклікаў кожнага з нас змяніць траекторыю дэградацыі навакольнага асяроддзя, змяніць нашы мадэлі спажывання, пачынаючы з індывідуальных паводзін і заканчваючы нацыянальнай палітыкай, а таксама міжнароднымі шматбаковымі пагадненнямі, - нагадаў арцыбіскуп Нвачукву.