Святы Пасад у ААН супраць незаконнага гандлю зброяй
Марыя Валодзіна – Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў на тэматычнай дыскусіі па звычайных узбраеннях на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі, якая прайшла 24 кастрычніка 2022 года ў Нью-Ёрку.
Прадстаўнік Святога Пасада зноў заявіў аб падтрымцы шматбаковых намаганняў па ажыццяўленню Праграмы дзеянняў па прадухіленні, спыненні і выкараненні незаконнага гандлю стралковай зброяй і лёгкімі ўзбраеннямі, якія штогод уносяць сотні тысяч жыццяў па ўсім свеце.
Іерарх нагадаў, што існуе глыбокая сувязь паміж незаконным абаротам зброі і насіллем. Незаконны гандаль зброяй робіць магчымымі зламысныя дзеянні тэрарыстаў, арганізаваных злачынцаў, банд і груповак, якія займаюцца гандлем людзьмі і наркотыкамі.
На жаль, намаганні ААН па вырашэнні праблем незаконнага гандлю стралковай зброяй разрозненыя і абмежаваныя. Шмат яшчэ трэба зрабіць. Ёсць тыя, хто назапашвае велізарнае багацце, гандлюючы прыладамі смерці. З іншага боку, кожнай краіне даводзіцца сутыкацца з праблемай попыту на зброю, - адзначыў дыпламат.
Па гэтай прычыне, як неаднаразова сцвярджаў Францішак, важна знішчыць гвалт у корані і прасоўваць культуру міру, якая абараняе самы каштоўны дар з усіх – чалавечае жыццё.
Напрыканцы іерарх паўтарыў словы Папы: “Чаму смяротная зброя прадаецца тым, хто плануе прычыніць невымоўныя пакуты людзям і грамадству? На жаль, адказ, як мы ўсе ведаем, заключаецца ў грошах: грошах, залітых крывёю, часта нявіннай крывёю”.
Прадстаўнік Святога Пасада ў ААН заклікаў міжнародную супольнасць пераадолець эканамічныя і палітычныя інтарэсы і паставіць чалавечае жыццё на першае месца.