Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад выступіў у ААН супраць гонкі ўзбраенняў у космасе

Космас з'яўляецца часткай нашага агульнага дома, таму кожная дзяржава абавязана адказна ахоўваць яго для цяперашняга і будучых пакаленняў, – нагадаў пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы 26 кастрычніка 2022 года на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Габрыэле Кача адзначыў, што ў апошнія дзесяцігоддзі Святы Пасад уважліва сачыў за дыскусіямі па мірным выкарыстанні касмічнай прасторы. Да сённяшняга дня космас быў свабодны ад размяшчэння зброі. Вельмі важна, каб ён працягваў заставацца дэмілітарызаваным і захоўваўся для мірных мэт на карысць усіх.

Іерарх нагадаў, што Дагавор па космасу 1967 года забараняе дзяржавам размяшчаць у касмічнай прасторы, на нябесных целах і арбіце Зямлі ядзерную зброю або любую іншую зброю масавага знішчэння. Аднак, нягледзячы на тое, што космас афіцыйна ўключаны ў парадак дня Канферэнцыі па раззбраенні пачынаючы з 1985 года, міжнароднай супольнасці дагэтуль не ўдалося дамовіцца адносна пагаднення па забароне ўсіх відаў зброі ў адкрытым космасе.

Такая забарона сёння з'яўляецца больш неабходнай, чым калі-небудзь. Святы Пасад з трывогай адзначае, што некаторыя дзяржавы расходуюць рэсурсы на даследаванні, распрацоўку і выпрабаванне зброі арбітальнага і касмічнага размяшчэння. Гэта не толькі стварае пагрозу гонкі ўзбраенняў у космасе, але і перашкаджае яго шырокаму выкарыстанню ў мірных мэтах, такіх як сувязь, назіранне, маніторынг, прагназаванне надвор'я і іншыя, – адзначыў ватыканскі дыпламат.

Улічваючы тое, што колькасць аб'ектаў на арбіце вылічаецца тысячамі, расце рызыка сутыкненняў і доўгатэрміновага захавання абломкаў. Святы Пасад з занепакоенасцю адзначае, што некаторыя дзяржавы пачалі выпрабаванні супрацьспадарожнікавай зброі, у выніку чаго ўтварылася вялікая колькасць абломкаў, якія падвяргаюць рызыцы касмічныя аб'екты. Такія выпрабаванні на любой вышыні несумяшчальныя з клопатам аб нашым агульным доме, –адзначыў арцыбіскуп Кача, заклікаўшы ААН разглядзець магчымасць прыняцця рэзалюцыі па ўвядзенні мараторыя на такія выпрабаванні.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў падтрымку дзейнасці Аб'яднаных Нацый, накіраванай па памяншэнне пагроз у космасе. На яго думку, гэта закладвае аснову для распрацоўкі юрыдычна абавязковага пагаднення па забароне размяшчэння зброі ў космасе. Такое пагадненне прадухіліла б касмічную гонку ўзбраенняў і стала б гарантыяй таго, што асваенне космасу па-ранейшаму будзе грунтавацца на супрацоўніцтве на карысць усяго чалавецтва.

27 кастрычніка 2022, 14:31