Тры старажытныя муміі з Ватыканскіх музеяў вярнулі ў Перу
Марыя Валодзіна - Vatican News
Цырымонія прайшла ў Ватыканскіх музеях у прысутнасці старшыні Губернатарата Фернанда Вергеса Альсагі і міністра замежных спраў Перу Сезара Радрыга Ланда Ароя, якія падпісалі афіцыйны акт аб перадачы.
Падзея прайшла ў духу інтэграцыі і супрацоўніцтва паміж культурамі, на якіх у 1925 годзе Папам Піем XI быў заснаваны музей Anima Mundi. У той час у Ватыкане праходзіла выстава, на якую ў падарунак Пантыфіку было адпраўлена больш за 100 тысяч работ з усіх куткоў планеты. Перу таксама ўдзельнічала ў ініцыятыве, даслаўшы шэраг экспанатаў, у тым ліку тры муміі, пра якія ідзе гаворка.
Дакладная дата стварэння мумій не вядомая. Пасля іх вяртання ў Перу будуць праведзены даследаванні, каб вызначыць эпоху іх паходжання. Вядома, аднак, што яны былі знойдзеныя на вышыні трох тысяч метраў над узроўнем мора ў перуанскіх Андах уздоўж ракі Укаялі, аднаго з прытокаў Амазонкі.
Працэс вяртання мумій на радзіму доўжыўся больш за дзесяць гадоў. У 2010 годзе кіраўнік Музея Anima Mundi ксёндз Нікола Мапелі ў супрацоўніцтве з тагачасным дырэктарам Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолуччы распачалі праект рэпатрыяцыі чалавечых астанкаў, што захоўваліся ў Музеях.
Выступаючы на цырымоніі, міністр замежных спраў Перу Ланда Ароя, які раніцай сустрэўся з Папам, падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у намаганнях па вяртанні мумій у Перу, пачынаючы з тых, хто ў 2013 годзе паведаміў аб выяўленні мумій пасольству Перу пры Святым Пасадзе. Перу вельмі зацікаўлена ў вяртанні сваёй культурнай спадчыны, – адзначыў ён.