Пошук

2020.10.01-Premio-Ratzinger2.jpg

У Ватыкане ўручаць Прэмію Ратцынгера за 2022 год

Францішак 1 снежня 2022 года ў Клеменцінскай зале Апостальскага палаца ўручыць Прэмію Ратцынгера за 2022 год французскаму і амерыканска-італьянскаму навукоўцам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першым лаўрэатам стаў 69-гадовы Мішэль Феду, французскі святар, езуіт і тэолаг. З 1987 года яго жыццё звязана з Езуіцкім цэнтрам Сеўр, дзе спачатку быў выкладчыкам дагматычнай тэалогіі і патрыстыкі, а затым – дэканам тэалагічнага факультэта і старшынёй. Ён з’яўляецца чальцом рад розных тэалагічных аб'яднанняў і камісій па экуменічным дыялогу з лютэранамі і праваслаўнымі. Аўтар шматлікіх прац, у першую чаргу, у галіне патрыстыкі і хрысталогіі.

Яшчэ адзін сёлетні лаўрэат – 71-гадовы Джозэф Халеві Хоравіц Вайлер, выкладчык права ў шматлікіх універсітэтах і інстытутах правазнаўства ў ЗША, у тым ліку, у Нью-Ёрку і Гарвардзе, а таксама ў Вялікабрытаніі і ў розных частках свету. Ён быў старшынёй Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытута Фларэнцыі. Аўтар шматлікіх прац па канстытуцыйным, міжнародным, еўрапейскім праве і правах чалавека. З’яўляючыся вызнаўцам юдаізму, абараняў Італію ў Еўрапейскім судзе ў справе прысутнасці крыжоў у школах. Мае ганаровую ступень Каталіцкага ўніверсітэта Амерыкі.

Прэмію Ратцынгера прысудзілі сёлета ўжо ў дванаццаты раз. Яна ўручаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Эксперты называюць яе Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Яго стварыў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць Фонд і дабрачынцы.
 

07 кастрычніка 2022, 11:24