Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад стварае Камісію па справах сведак веры

Пры Дыкастэрыі па справах кананізацыі будзе заснавана Камісія па справах сведак веры. Праца па стварэнні новай структуры ўжо вядзецца, - распавёў кардынал Марчэла Сэмерара.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Такая ініцыятыва ўжо рэалізоўвалася з нагоды Вялікага Юбілею 2000 года святым Янам Паўлам ІІ, які хацеў праліць святло на людзей, якія, нават не будучы кананізаванымі, яскрава прадэманстравалі сваю веру. Стварэнне Камісіі тады было даручана Супольнасці святога Эгідзія. Быў складзены спіс з біяграфіямі людзей, якія прамаўляюць да ўсяго хрысціянскага свету, не толькі каталіцкага. Гэта ініцыятыва была абмежавана Вялікім Юбілеем 2000 года. Цяпер жа ідэя вярнулася з нагоды бліжэйшага Святога года. Папа сказаў адрадзіць Камісію, не прымяркоўваючы гэта да нейкай падзеі, а спалучаючы яе з дзейнасцю Дыкастэрыі па справах кананізацыі”, - падзяліўся ватыканскі іерарх у каментары для Vatican News.

Кардынал Сэмерара патлумачыў, што сведкам веры, напрыклад, можна лічыць Дзітрыха Банхёфера, лютэранскага тэалога і пастыра, забітага за супраціўленне нацызму.

“Касцёл не абвяшчае яго мучанікам, бо ён не быў католікам. Тым не менш, гэта асоба паўстае як хрысціянскі сведка. Такіх як Банхёфер ёсць шмат. Святасць не заўсёды з’яўляецца відавочнай для вернікаў. Мэта нашага служэння – праліць на яе святло. Мы не “ствараем святых”, але дапамагаем Папу ў распазнаванні. Трэба паказаць, што святасць не нешта далёкае ад нас, а пакліканне, якое датычыць усіх. Не абавязкова стаць кананізаванымі, але мы павінны адказаць на пакліканне да святасці”, - сцвердзіў ватыканскі прэфект.
 

06 кастрычніка 2022, 09:35