Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад далучыўся да пагадненняў па клімаце

Святы Пасад аб'явіў аб далучэнні да Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату, а таксама да Парыжскага пагаднення ў гэтай галіне.

Марыя Валодзіна – Vatican News

З далучэннем Святога Пасаду лік бакоў, што падпісалі Канвенцыю, дасягнуў 198 дзяржаў.

У гэты момант нашай гісторыі, адзначаны ўсё больш трывожнымі канфліктамі, патрэбна кансалідаваць нашы высілкі ў інтарэсах інтэгральнай экалогіі, якая, разам з кліматам, рызыкуе апынуцца ў цені, - заявіў Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін на сустрэчы, якая адбылася ў Ватыкане 4 кастрычніка 2022 года. У гэты дзень Касцёл згадвае святога Францішка Асізскага, які натхніў Папу на клопат пра наш агульны дом.

Іерарх нагадаў, што энцыкліка Laudato si’ заклікае да супрацоўніцтва “на розных узроўнях” паміж краінамі і рознымі кампанентамі міжнароднай супольнасці (арганізацыямі, мясцовымі органамі ўлады, прыватным сектарам, навукоўцамі, грамадзянскай супольнасцю), і самае галоўнае, паміж людзьмі розных пакаленняў. Таму што “калі мы кажам пра клопат аб агульным доме”, мы павінны клапаціцца пра тых, хто будзе жыць у ім у будучыні.

Кардынал Паралін нагадаў пра абавязак Святога Пасада дасягнуць нулявых выкідаў вугляроду да 2050 года і спрыяць пашырэнню экалагічнай адукацыі, якая зможа стымуляваць “новы стыль жыцця, заснаваны на развіцці і ўстойлівасці, братэрстве і супрацоўніцтве паміж чалавекам і навакольным асяроддзем”.

Сустрэча была арганізавана Дзяржаўным сакратарыятам, Папскай Акадэміяй навук і Папскай Акадэміяй грамадскіх навук. Акрамя Дзяржсакратара ў ёй прынялі ўдзел кардыналы Чэрны і Вергес,  а таксама арцыбіскуп Галахер, міністры замежных спраў і прадстаўнікі ААН. Яна прайшла напярэдадні Канферэнцыі бакоў COP27, што мае адбыцца ў Шарм-эль-Шэйху з 6 па 18 лістапада 2022 году.

Відэа-ролік прысвечаны тэме абароны стварэння
05 кастрычніка 2022, 12:17