Пошук

Бэнэдыкт XVI на сустрэчы з навукоўцамі ў 2006 г. Бэнэдыкт XVI на сустрэчы з навукоўцамі ў 2006 г. 

Выйшла кніга-дыялог Бэнэдыкта XVI і матэматыка Адзіфрэдзі

У Рыме адбылася прэзентацыя кнігі На шляху пошуку Ісціны, у якую ўвайшлі лісты і гутаркі Папы-эмерыта і італьянскага навукоўца П’ерджорджа Адзіфрэдзі. 

Марыя Валодзіна – Vatican News

Кніга ўяўляе сабою падарожжа паміж верай, навукай, этыкай і антрапалогіяй, а таксама прыклад таго, як могуць весці дыялог людзі з процілеглымі поглядамі. “Гэта надзвычай важна, - падкрэсліў старшыня Фонду Ратцынгера ксёндз Федэрыка Ламбардзі, - што Бэнэдыкт XVI вельмі сур'ёзна ўспрыняў заклік Адзіфрэдзі да дыялогу. Гэта знак яго ўвагі да дыялогу паміж верай, розумам і навукай, а таксама вельмі адкрытага стаўлення, з якім ён заўсёды жыў.”

У 2011 годзе Адзіфрэдзі даслаў Бэнэдыкту XVI адкрыты ліст з каментаром да яго кнігі Уводзіны ў хрысціянства. Пасля завяршэння пантыфікату ў 2013 годзе Папа-эмерыт адказаў яму, у выніку чаго паміж імі склаліся сяброўскія адносіны. “Калі нават Пантыфік і атэіст могуць спакойна размаўляць, гэта значыць, што ў жыцці можна паводзіць сябе гэтак жа,” - адзначыў навуковец.

Тэмы ліставання мяняліся: ад абмеркавання навукі і веры з цягам часу перайшлі да іншых тэм, такіх як логіка, жыццё і смерць. Самае цеснае збліжэнне паміж суразмоўцамі адбылося менавіта на тэму смерці. Папу-эмерыта цікавіла думка атэіста пра смерць, і матэматык напісаў “тэарэтычны” ліст на гэту тэму. Потым у 2020 годзе, падчас пандэміі, пайшлі з жыцця брат Бэнэдыкта XVI Георг Ратцынгер і маці Адзіфрэдзі. “Гэта быў момант найбольшай блізкасці”, - растлумачыў матэматык, “калі два чалавекі адчуваюць адзін і той жа боль ад страты блізкіх”.

08 кастрычніка 2022, 14:57