Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар пра вайну ва Украіне: дыпламатыя пакуль не мела поспехаў

Настойлівы заклік да спынення вайны ва Украіне, гуманітарны аспект і дыпламатычная дзейнасць, – так Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы акрэсліў намаганні, якія рэалізуе Святы Пасад дзеля міру.

Ян Глінскі - Vatican News

У размове з каналам італьянскага епіскапату TV2000 кардынал П’етра Паралін назваў немажлівым і невыносным пакідаць украінскае насельніцтва ў цемры і холадзе і пацвердзіў гатоўнасць Папы зрабіць усё магчымае для спынення агню.

Ватыканскі іерарх у чарговы раз адзначыў гатоўнасць Апостальскай Сталіцы спрыяць перамовам. “Гэта залежыць ад бакоў, – падкрэсліў ён, кажучы пра магчымае пасрэдніцтва. – Гатоўнасць Святога Пасаду была заяўлена ад самага пачатку. Папа ўвесь час паўтарае аб сваім жаданні прычыніцца да спыненню вайны, а таксама аб гатоўнасці прапанаваць умовы і асяроддзе для таго, каб гэта магло стацца. Але мы да сёння не атрымалі адказаў”.

“Тры кірункі, у якіх ідзе Святы Пасад, – патлумачыў іерарх, – гэта, найперш, усе навучанні Папы з яго пастаяннымі і настойлівымі заклікамі да спынення вайны. Далей ідзе гуманітарны аспект, бо сітуацыя ва Украіне становіцца ўсё больш невыноснай, дзе насельніцтва застаецца ў цемры і холадзе з-за бамбардзіравання грамадскіх аб’ектаў, што проста неймаверна. Акрамя гэтага трывае дыпламатычная дзейнасць, якая на дадзены час не прынесла вялікіх вынікаў”.
 

25 лістапада 2022, 08:33